|
Польшча і “усходняе вымярэнне” Еўрапейскай Супольнасці
[1]
Уступ
“Усходняе вымярэнне” Еўрапейскай Супольнасці дагэтуль не існуе і немагчыма катэгарычна сцвярджаць, што калі-небудзь яно будзе існаваць. А калі так, то ў якой ступені яно будзе адпавядаць нашым чаканням? Тым болей, што дакладная распрацоўка і рэалізацыя “усходняга вымярэння” залежаць ад шэрагу чыннікаў у міжнароднай палітыцы, якія сёння цяжка прадказаць. Дык чаму ж варта займацца гэтай праблемай? Найперш таму, што правядзенне адзінай палітыкі на ўсходзе Еўропы пасля пашырэння Еўрапейскай Супольнасці, якое хутчэй за ўсё адбудзецца ў найбліжэйшым часе, стане адной з найбольш відавочных праблемаў, якія акрэсліваюць агульныя нацыянальныя інтарэсы Польшчы і Еўрапейскай Супольнасці як адзінства еўрапейскіх народаў. Да дыскусіі наконт “усходняга вымярэння” схіляе таксама досвед паўночнага вымярэння ЕС. Пры гэтым трэба узяць пад увагу, што пры ўсіх відавочных адрозненнях паміж існуючым паўночным вымярэннем і патэнцыяльным “усходнім вымярэннем”, апошняе відавочна выступала б у значна большай ступені, чымсьці паўночнае вымярэнне, элементам агульнай замежнай палітыкі ЕС.
Дыскусія аб “усходнім вымярэнні”
На пачатку варта вызначыцца з агульнымі падыходамі да вызначэння “усходняга вымярэння” ЕС – прынамсі настолькі, каб дыскусія пра ягоную форму праходзіла паводле пэўных правілаў і падлягала дысцыпліне, каб не прыводзіла нас да агульнай размовы пра сітуацыю на ўсходзе Еўропы, альбо каб не была простым падсумаваннем польскай усходняй палітыкі за апошнія дзесяць гадоў. Мы прапануем наступныя крытэрыі:
А) абмежаванне тэрытарыяльнай прасторы і праблематыкі гэтай канцэпцыі дзеля яе канкрэтнасці, каб яна была не толькі недаакрэсленай ідэяй, але і праграмай канкрэтных дзеянняў;
Б) адмова ад спробы ахапіць у гэтай канцэпцыі ўвесь коплекс стасункаў ЕС з суседнімі дзяржавамі на ўсходзе пасля пашырэння, і скіраванне ўвагі на ўзаемадзеянне і каардынацыю дзеянняў членаў ЕС, зацікаўленых ва “усходнім вымярэнні”;
В) улік інтарэсаў і магчымасцяў як паасобных дзяржаў, так і рэгіянальных структур, іншых членаў пашыранай ЕС (Вышаградская група, група прыбалтыйскіх дзяржаў).
“Усходняе вымярэнне” ЕС і польская ўсходняя палітыка
Выступаючы з прапановай распачаць дыскусію пра прынцыпы агульнай замежнай палітыкі ЕС на ўсходзе Еўропы ў будучым (пасля пашырэння), нельга не браць пад увагу польскі вопыт апошняга дзесяцігоддзя. Пасля 1989 года Польшча сярод краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы праводзіла актыўную палітыку адносна сваіх суседзяў на ўсходзе. Новыя эліты, якія прыйшлі да ўлады, знаходзіліся пад моцным уплывам нашай традыцыі разгляду ўсходніх суседзяў Польшчы і іх незалежнасці ў якасці гарантаў нашай міжнароднай бяспекі. На карысць актыўнай усходняй палітыкі прыводзіўся шэраг аргументаў: ад сентыментальных і культурных да прагматычных, заснаваных на жаданні забяспечыць сталую міжнародную бяспеку альбо здабыць патэнцыяльныя эканамічныя выгоды ад цесных сувязяў Польшчы з Усходам. Палітычная праграма парыжскай “Культуры”, на якую найчасцей спасылаюцца, канструюючы ідэйнае абгрунтаванне польскай усходняй палітыкі ў апошнія гады, выразна акрэслівала, што палітыка падтрымкі суверэннасці, незалежнасці і нацыянальнага адраджэння Украіны, Літвы і Беларусі, а таксама пабудовы прыязных стасункаў з Расіяй павінна ў будучым складаць адзін з накірункаў польскай замежнай палітыкі. Сталася так, што ўсходняя палітыка поруч з пастулатам уваходжання Польшчы ў НАТО і ЕС была нязменным складнікам палітыкі кожнага з польскіх ўрадаў, якія прадстаўлялі інтарэсы розных палітычных сіл. Не варта зараз аналізаваць ранейшую польскую ўсходную палітыку, тым болей, што ў адрозненне ад пастулату ўваходжання Польшчы ў НАТО і ЕС, у дадзеным выпадку цяжка гаварыць пра нейкі канкрэнты эфект, вынікі якога можна спраўдзіць, перш чым абвесціць пра паразу альбо поспех гэтай палітыкі.
Няма сумневаў, што ацэнка польскай ўсходняй палітыкі апошняга дзесяцігоддзя яшчэ доўга будзе тэмай гарачых палітычных спрэчак у Польшчы. Таму найперш трэба дакладна сцвердзіць: немагчыма уявіць, каб мы акрэслівалі канцэпцыю “усходняга вымярэння”, беручы за ўзор паўночнае вымярэнне. З другога боку, нельга аўтаматычна прымаць думку, што ранейшая польская ўсходняя палітыка павінна быць ўспрынята еўрапейскімі дзяржавамі як усходняя палітыка ЕС. Такі падыход да пабудовы “усходняга вымярэння” прадвызначыў бы паразу праекта ўжо на этапе пошуку падтрымкі ў еўрапейскіх сталіцах. Умовай разважнай падрыхтоўкі прапановы “усходняга вымярэння” з’яўляецца пераасэнсаванне яго ролі і фармуляванне канцэпцыі, заснаванай (што відавочна) на традыцыях стасункаў паасобных еўрапейскіх дзяржаў з Усходам (у тым ліку традыцыі польскай усходняй палітыкі). Адкак ключавая ўмова – выпрацоўка новай, практычнай, так бы мовіць “свежай” палітычнай канцэпцыі.
Шансы рэалізацыі польскай ўсходняй палітыкі
Мэты і сродкі праводзімай да гэтага часу польскай усходняй палітыкі відавочна вычэрпваюцца. Існуе патрэба ў новым імпульсе, які б з аднаго боку ўлічваў вынікі апошніх зменаў ва ўзаемаадносінах паміж Злучанымі Штатамі, Еўрапейскай Супольнасцю і Расіяй, а з другога боку адпавядаў пераасэнсаваным інтарэсам Польшчы як новага члена ЕС у цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне. “Усходняе вымярэнне” перадусім з’яўляецца шансам рэалізацыі польскай усходняй палітыкі, яно можа вымусіць палякаў вызначыцца, якія палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя мэты ў адносінах з усходнімі суседзямі польская палітыка можа ажыццявіць самастойна, а ў якой ступені будзе вымушаная звяртацца да існуючых у ЕС інструментаў сумеснага дзеяння альбо шукаць саюзнікаў, зацікаўленых спецыяльнымі праектамі ў межах так званага паглыбленага супрацоўніцтва. Само сабой, ініцыяванне Польшчай дзеянняў у межах “усходняга вымярэння” скіруе (іначай, чым у выпадку са Злучанымі Штатамі) польскую ўсходнюю палітыку ў межах ЕС да адэкватных прапорцый, якія б адпавядалі рэгіянальнай палітыцы. Таму напярэдадні ўступлення Польшчы ў ЕС падаецца неабходным не толькі акрэсліць, у якой ступені ранейшая польская ўсходняя палітыка мае шансы на працяг, але найперш вызначыцца, наколькі істотны будзе польскі ўдзел у фармаванні замежнай палітыкі ЕС на Ўсходзе. Моцным бокам канцэпцыі “усходняга вымярэння” у дыскусіі, у якой Польшча маецца прыняць удзел, павінна быць дакладнае акрэсленне:
А) Якія дзяржавы ў ЕС адказваюць за фармуляванне і рэалізацыю “усходняга вымярэння” Еўрапейскай Супольнасці?
Б) Хто канкрэтна з’яўляецца яго адрасатам?
В) Якой павінна быць роля Польшчы і іншых цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў ў яго падрыхтоўцы і рэалізацыі?
Г) Якія сферы яно павінна закранаць?
Д) Які тэрмін рэалізацыі павінна мець “усходняе вымярэнне”?
З польскага пункту погляду ключавым з’яўляецца не столькі пытанне, ці павінна Польшча ўдзельнічаць у стварэнні “усходняга вымярэння”, як пытанне, у якой ступені яна павінна гэта рабіць.
Да каго павінна быць скіравана “усходняе вымярэнне” ЕС?
“Усходняе вымярэнне павінна быць пакетам узаемазвязаных, скаардынаваных прапаноў эканамічных, сацыяльных і палітычных дзеянняў Еўрапейскай Супольнасці і яе членаў, скіраваных да паасобных дзяржаў, якія мяжуюць з пашыранай ЕС на ўсходзе. Пашырэнне прапановы “усходняга вымярэння” на большую колькасць дзяржаў на ўсходзе альбо цэлыя рэгіёны (Каўказ, Сярэдняя Азія і інш.) зменшыла б шансы эфектыўнасці “усходняга вымярэння”. Насамрэч прапанова ЕС для краін-адрасатаў тады магла б быць прывабнай толькі на першы погляд, і вельмі хутка выявіліся б яе відавочныя рэалізацыйныя слабасці. “Усходняе вымярэнне” ЕС, падаецца, перш за ўсё павінна ахопліваць толькі дзве краіны: Беларусь і Украіну. Гэта тыя дзяржавы, якія пасля пашырэння будуць найбліжэйшымі суседзямі ЕС на ўсходзе. Ані Беларусь, ані Украіна ў бліжэйшай перспектыве не маюць шансаў на далучэнне да Еўрапейскай Супольнасці. На шляху да прыняцця іх у ЕС стаіць сёння цэлы шэраг перашкодаў як эканамічнага і сацыяльнага, так і палітычнага характару. Асабліва гэта датычыцца Беларусі, дзе мы маем справу з краінай палітычна нестабільнай, адметнай не толькі глыбокім эканамічным крызісам, але і неверагодна нізкімі дэмакратычнымі стандартамі: свабоды аб’яднанняў і дэманстрацыі палітычных поглядаў, свабоды сумлення і доступу да інфармацыі, а таксама свабоды прэсы. Калі гаварыць пра падобныя тэндэнцыі на Украіне, сітуацыя там выглядае трохі лепшай, хаця ўсё яшчэ далёкая ад стандартаў, прынятых у Еўропе. Найлепш пра гэта сведчыць мінулагодняя афера з выкраданнем і забойствам Гангадзэ і працяглы палітычны канфлікт апазіцыі і прэзідэнта Кучмы. Аднак трэба прызнаць, што як Беларусь, так і Украіна, улічваючы іх патнцыял, геаграфічнае становішча, культурную і дэмаграфічную сітуацыю, могуць спадзявацца, што на сённяшні дзень абалютна нерэальная ідэя іх уступлення ў ЕС у будучым трапіць у кола інтарэсаў еўрапейскай палітыкі. Цяжка сабе ўявіць, каб Еўрапейская Супольнасць, як і Польшча, не праводзілі актыўную палітыку падтрымкі адпаведных палітычных зменаў у гэтых краінах, скіраваную на ажыццяўленне адпаведных палітычных зменаў на Беларусі і Украіне. Правядзенне такой палітыкі несумненна павінна быць адной з найважнейшых палітычных мэтаў “усходняга вымярэння” ЕС. У падобнай сітуацыі знаходзіцца і Малдова, палітычнае і эканамічнае становішча якой шмат у чым нагадвае апісанае вышэй становішча Беларусі і Украіны. Малдова гэтаксама валодае патэнцыяльнымі магчымасцямі цеснага супрацоўніцтва з Еўрапейскай Супольнасцю, якія ў будучым пры ўмове большай зацікаўленасці краінаў ЕС маглі б развівацца больш інтэнсіўна.
«Усходняе вымярэнне» ЕС не павінна ахопліваць іншыя, акрамя згаданых вышэй, краіны былога СССР, у тым ліку краіны Паўднёвага Каўказу і Сярэдняй Азіі. Для супрацоўніцтва з імі ЕС павінна распрацаваць іншыя механізмы, прызначаныя перадусім для супрацоўніцтва ў сферах бяспекі і энергетыкі.
Расія і “усходняе вымярэнне” ЕС
Найбольшай праблемай для “усходняга вымярэння” ЕС напэўна стануць адносіны з Расіяй. Прыязныя да Расіі заходнія палітыкі, асабліва некаторыя еўрапейскія кіраўнікі, часта забываюцца, што Расія пераўзыходзіць ЕС сваім тэрытарыяльным патэнцыялам і хаця б таму цяжка гаварыць пра яе далучэнне да ЕС. У адносінах з Расіяй нельга выкарыстоўваць такія ж падыходы, як з Беларуссю ці Украінай. Але часы прэзідэнцтва Пуціна паказваюць, што Расія, у якой адбываюцца дынамічныя змены, можа стаць адным з найважнейшых палітычных партнёраў ЕС у сусветнай палітыцы. Беручы пад увагу ўсе акалічнасці, можна вылучыць дзве мадэлі прысутнасці Расіі ў прапанаванай канцэпцыі “усходняга вымярэння” ЕС:
А) Ахоп “усходнім вымярэннем” ЕС толькі Калінінградскай вобласці і магчыма паўночна-усходніх тэрыторый Расійскай Федэрацыі. Вартасцю такога падыходу было б поўнае ўключэнне ва “усходняе вымярэнне” такой істотнай справы ў расійска-еўрапейскіх узаемаадносінах, як пытанне Калінінграду, уключэнне рэгіянальных польска-літоўска-расійскіх дзеянняў на карысць анклаву у сістэму еўрапейскай палітыкі ў большай, чым дагэтуль, ступені. З другога боку, абмежаванне ўдзелу Расіі ва “усходнім вымярэнні” з пэўнасцю палегчыла б як яго праектаванне, так і рэалізацыю.
Б) Стварэнне для ўсёй Расійскай Федэрацыі спецыяльнага статуса ўзаемаадносін з ЕС з ухілам перш за ёсе на два тэматычныя абшары: энергетыку і праблемы бяспекі. У межах такога падыходу несумненна засталося б месца і на выпрацоўку шэрага дадатковых прапаноў для Калінінградскай вобласці на тых жа ўмовах, што ў выпадку з Беларуссю ці Украінай. Такі падыход дазволіў бы пазбегнуць магчымага падабенства з паўночным вымярэннем (і папроку, што мае месца дубляванне), даў бы Расіі ў адносінах з ЕС асаблівы статус і ў большай ступені, чымсьці варыянт А, зацікавіў вялікія еўрапейскія краіны ў рэалізацыі “усходняга вымярэння”, якое ў выніку пазбавілася б свайго выразна рэгіянальнага характару. Цяжка ўявіць сабе “усходняе вымярэнне” ЕС без Расіі. Адкрытым пытаннем, аднак, застаецца форма і ступень яе ўдзелу ў такім праекце. Відавочна, што такое пытанне вырашыць да канца вельмі цяжка, і для мэтаў дадзенага даследавання найлепш будзе пакінуць тэму прынцыпаў удзелу Расіі ва “усходнім вымярэнні” ЕС як найважнейшае пытанне для дыскусіі.
Мэты “усходняга вымярэння” ЕС
Галоўнай мэтай прапановы супрацоўніцтва і дзеянняў у межах “усходняга вымярэння” павінна быць падтрымка, а часам і ініцыяванне такіх працэсаў у эканоміцы, грамадстве і палітыцы, якія прывялі б да таго, што дзяржавы па ўсходні бок пашыранай ЕС пачалі функцыянаваць згодна са стандартамі, прынятымі ў ЕС. Такую мэту варта рэалізоўваць не толькі зыходзячы з каштоўнасцяў і фундаментальных ідэй ЕС, асабліва ідэі пераадолення падзелаў у Еўропе, але таксама ўлічваючы вельмі прагматычныя інтарэсы бяспекі і эканамічнага супрацоўніцтва. Залішне глыбокія і стала ўзрастаючыя цывілізацыйныя адрозненні паміж пашыранай ЕС і яе непасрэднымі суседзямі некарысныя і ў далейшай перспектыве могуць быць небяспечнымі. Толькі пашырэнне зоны стабільнасці і дзеянне падобных сацыяльна-эканамічных стандартаў непасрэдна ля межаў ЕС можа засцерагчы яе ад негатыўных тэндэнцый і стварыць новыя магчымасці рэгіянальнага супрацоўніцтва. Гэтым мэтам падпарадкаваныя ўсё існуючыя на гэты час вымярэнні (паўднёвае, наўночнае) ва ўнутранай палітыцы ЕС. Аднак уяўляецца, што ў выпадку “усходняга вымярэння” ЕС, скіраванага на краіны, якія аддзелены ад ЕС мяжой па сушы (няма марскога бар’еру), аспект бяспекі мае асаблівае значэнне.
“Усходняе вымярэнне” у знешняй палітыцы ЕС
Знешняя палітыка ЕС, якая цяпер, наколькі вядома, не існуе ў выглядзе адзінай канцэпцыі, павінна складацца з трох складнікаў:
А) палітыкі ў адносінах з краінамі (не кандытатамі ва ўступленне ў ЕС) і рэгіёнамі непасрэднага суседства: на усходзе – з еўрапейскай часткай былога СССР (без балтыйскіх краін); на Балканах – былой Югаславіей (без Славеніі, Албаніі і Македоніі), на поўдні – паўднёвымі краінамі і ўсходняй часткай басейна Міжземнага мора;
Б) еўраатлатычных адносін, палітыкі ў адносінах з ЗША, у тым ліку адносіны ўнутры НАТО;
В) палітыкі ў адносінах з іншымі краінамі і рэгіёнамі, істотных зыходзячы з інтарэсаў ЕС і дзяржаў ці рэгіёнаў свету, напрыклад Каўказу і Сярэдняй Азіі, Блізкага Усходу, Японіі, Кітаю, Паўднева-Усходняй Азіі.
“Усходняе вымярэнне” ЕС апынулася б у першым з трох складнікаў поруч з паўднёвым вымярэннем ЕС і палітыкай на Балканах (Пакт стабілізацыі). Дадатковага акрэслення вымагала б справа вызначэння месца “усходняга вымярэння” адносна існуючага паўночнага вымярэння. Прыняццю рашэнняў у гэтай сферы павінен папярэднічаць дакладны аналіз сітуацыі. Як падаецца, вынікі аналізу засведчылі б перадусім досыць выразнае перабольшанне вынікаў паўночнага вымярэння. З аднаго боку, найважнейшым поспехам паўночнага вымярэння з’яўляецца, на нашу думку, прыцягненне ўвагі дзяржаў ЕС да праблем агульнай замежнай палітыкі на Усходзе (прынамсі ў рэгіянальным вымярэнні), з другога боку, назіраецца выразны недахоп сродкаў на рэалізацыю канкрэтных праектаў. Шукаць месца “усходняга вымярэння” у шэрагу іншых вымярэнняў ЕС трэба вельмі ўважліва і асцярожна, асабліва ўлічваючы той факт, што фінансаванне агульнай замежнай палітыкі ЕС дагэтуль няпэўнае і на практыцы ажыццяўляецца толькі паасобнымі дзяржавамі-членамі, зацікаўленымі ў патрымцы деянняў ЕС у розных вымярэннях. Для Польшчы любая канкурэнцыя паміж паўночным і ўсходнім вымярэннямі была б надзвычай некарысная. Гэта азначае, што пры фармуляванні асноваў “усходняга вымярэння” трэба весці найактыўнейшы палітычны дыялог са скандынаўскімі краінамі, найперш Фінляндыяй і Швецыяй, які дазволіць развівацца абодвум вымярэнням ЕС у суладдзі. Вельмі важна захаваць адзінства будучай усходняй палітыкі ЕС.
У складніку знешняй палітыкі ЕС, які датычыць непасрэдных суседзяў ЕС (і якія не з’яўляюцца кандыдатамі ў ЕС) – рэгіёнаў непасрэднага суседства, варта вызначыць адзіную канцэпцыю так званай дзяржавы-суседа ЕС (наколькі вядома, актуальныя брытанкія прапановы з’яўляюцца толькі вельмі агульнай замалёўкай гэтай ідэі). Такая канцэпцыя павінна была б уключаць:
А) крытэрыі, якім павінна адпавядаць краіна, каю атрымаць статус дзяржавы-суседа ЕС – адпаведнасць стандартам ЕС ў эканоміцы, грамадскай і палітычнай сферах, магчыма, таксама ў іміграцыйных пытаннях;
Б) прывілеі ў стасунках з ЕС, якія вынікаюць з атрымання статуса дзяржавы-суседа ЕС;
В) захады і інструменты, якімі ЕС схільная дапамагчы краіне, якая імкнецца атрымаць статус дзяржавы-члена ЕС, у залежнасці ад актыўнасці яе намаганняў дастасавацца да азначаных вышэй стандартаў ЕС.
Канцэпцыя дзяржавы-суседа ЕС магла б стварыць больш рэалістычную, чым аддаленая альбо нерэальная на сёння перспектыва членства ў ЕС, матывацыю для эліт і грамадстваў краін непасрэднага суседства з ЕС правядзення унутраных рэформаў і дастасавання да еўрапейскіх стандартаў. Акрамя таго, такая канцэпцыя дапамагла б вызначыць тэрытарыяльныя абшары для канкрэтных дзеянняў і праектаў у межах “усходняга вымярэння” ЕС, а таксама іншых вымярэнняў, што ўваходзяць у першы складнік знешняй палітыкі ЕС.
Чаго павінна датычыцца “усходняе вымярэнне” ЕС?
Канцэпцыя “усходняга вымярэння” ЕС, якую мы абмяркоўваем у нашай працы, вымагае адносна дакладнага акрэслення, якія сферы жыцця яно павінна ахопліваць. На нашу думку, у кожным разе яно павінна ахапіць чатыры сферы:
А) ЭКАНОМІКУ. У мэтах спраўнага функцыявання пашыранай ЕС на яе ўсходніх межах і паступовай сінхранізацыі эканамічных сістэм дзяржаў, якія б маглі ўдзельнічаць ва “усходнім вымярэнні”, неабходна праводзіць рэфармаванне гаспадарчага права ў краінах непасрэднага суседства з ЕС, мадэрнізацыю і рэфармаванне паасобных сектараў эканомікі, мадэрнізацыю інфраструктуры, развіваць эканамічнае супрацоўніцтва з ЕС і яе членамі, і г.д. Усе пералічаныя дзеянні павінны скласці істотную частку зместу “усходняга вымярэння” ЕС.
Б) ГРАМАДСТВА. Аналіз сітуацыі ў краінах, якія мы разглядаем у якасці партнераў ЕС ва “усходнім вымярэнні”, дае між іншым падставу сцвярджаць, што для іх належнага развіцця ў далёкатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве неабходна прыспешанае развіццё недзяржаўнага сектара і мясцовага самакіравання. Недастаткова развітае мясцовае самакіраванне, пазбаўленае важнейшых паўнамоцтваў і самастойнасці ў адносінах з дзяржаўнай адміністрацыяй, з’яўляецца адным з самых вялікіх бар’ераў для развіцця краін непасрэднага суседства з ЕС на ўсходзе. Супрацоўніцтва ў грамадскай сферы павінна як найболей датычыць папулярызацыі ноу-хау у шырокім сэнсе, абмена вопытам у паасобных галінах у форме семінараў, стажыровак, адукацыйных і стыпендыяльных праграм і г.д. У параўнанні з датыхчасовым супрацоўніцтвам у гэтых галінах, узаемадзеянне павінна мець больш шырокі абсяг і лепш каардынавацца (шмат якія ініцыятывы не мелі поспеху менавіта з-за іх кепскай каардынацыі, няпоўных ведаў пра патрэбы партнёраў і адрасатаў, альбо патэрналістычных ці інструментальных да іх адносін).
В) ПАЛІТЫКУ. Сувязь гэтай сферы з грамадскай відавочная. На жаль, спецыфіка рэгіёну, яго гістарычная і культурная спадчына (найперш калі гаварыць пра вынікі шматгадовага ўздзеяння камунізму) вызначаюць тое, што асноўнымі перадумовамі развіцця такіх дзяржаў, як Беларусь, Украіна, Расія альбо Малдова застаюцца дэмакратызацыя, гарантаванне рэалізацыі свабоды сумлення і правоў нацыянальных меншасцяў, развіццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі і г.д. Не варта зараз засяроджвацца на апісанні сітуацыі ў кожнай з пералічаных краін, відавочна тое, што без выразнага зруху ў гэтай галіне практычна не можа быць гаворкі пра істотнае паглыбленне інтэграцыі з краінамі Захаду, асабліва ЕС.
Г) БЯСПЕКУ. У гэтай сферы перад “усходнім вымярэннем” стаіць задача забеспячэння стабільнасці і прадказальнасці бяспекі ў рэгіёне. Вядома, у гэтым сэнсе чаканні ад кожнай з чатырох дзяржаў, якіх можа датычыць нашае даследаванне, маюць розны характар.
Расія, хаця і не мае цяпер статуса супердзяржавы, валодае вялізным патэнцыялам і разглядаецца ў якасці аднаго з найважнейшых партнёраў Злучаных Штатаў і Еўрапейскай Супольнасці. Роля Беларусі і Малдовы ў гэтай сферы нязначная, калі браць пад увагу міжнародныя адносіны ў глабальным разуменні, сітуацыю ж з Украінай на дадзены момант цяжка дакладна акрэсліць, хаця відавочна, что роля гэтай краіны як партнёра ЗША, ЕС і ўплывовых еўрапейскіх дзяржаў на працягу апошніх гадоў сістэматычна меншае. У шэрагу найважнейшых пытанняў забеспячэння бяспекі, якія непазбежна стануць перад “усходнім вымярэннем”, знаходзяцца ахова межаў, барацьба з нелегальнай міграцыяй, кантрабандай наркотыкаў, зброі і г.д.
Месца “усходняга вымярэння” ЕС у замежнай палітыцы еўрапейскіх дзяржаў
Сур’ёзнае і прадуманае рашэнне аб падрыхтоўцы і рэалізацыі “усходняга вымярэння” ЕС будзе мець шэраг наступстваў для існуючай еўрапейскай палітыкі. Мы з пэўнасцю станем перад пытаннем, у якой ступені “усходняе вымярэнне” павінна быць уключана ў існуючую сетку палітычных ініцыятыў у Еўрапейскай Супольнасці. Мы лічым, што пра “усходняе вымярэнне” ЕС варта было б думаць як пра:
А) Агульнаеўрапейскую справу. Трэба было б падумаць пра ўпісанне “усходняга вымярэння” у канцэпцыю знешняй палітыкі ЕС. Вельмі важна прынамсі дастасаваць да яго ўжо існуючыя патрэбы, а таксама падрыхтаваць, хаця б і невялікія, новыя праграмы ЕС (такія, як TACIS, INTERREG, праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва і г.д.), мэтай якіх была б падтрымка канкрэтных ініцыятываў “усходняга вымярэння”.
Б) Міжнародную справу – у межах шматбаковых палітычных ініцыятываў на ўсходзе і поўначы Еўропы, а таксама ў межах двухбаковых стасункаў паміж паасобнымі дзяржавамі ЕС. Вельмі важна наладзіць як мага цяснейшую кардынацыю дзеянняў дзяржаў-членаў ЕС, асабліва зацікаўленых у рэалізацыі “усходняга вымярэння”. Як паказвае практыка, ініцыятывы, якія абапіраюцца на агульныя дэкларацыі палітычнага супрацоўніцтва, у выніку звычайна не пераходзяць у практычныя дзеянні, а іх паспяховасць вымяраецца большым ці меншым прапагандысцскім эфектам. Адзінае выйсце – выступаць з хаця б маленькімі, але канкрэтнымі ініцыятывамі, якія маюць шанс быць рэалізаванымі. Паколькі Польшча будзе несумненна зацікаўленая ў рэалізацыі “усходняга вымярэння” ЕС, якраз нашая актыўнасць у гэтым пытанні была б найбольш пажаданай. Плануючы пачынанні ў межах тых шматбаковых паразуменняў і ініцыятываў, дзе Польшча прымае асабліва актыўны ўдзел (Вышаградская група, Рада дзяржаў Балтыйская мора), варта прадугледзець адпаведныя захады па падтрымцы ідэі “усходняга вымярэння”. Рэалізацыя “усходняга вымярэння” магла б быць адной з магчымых тэм цеснага супрацоўніцтва Польшчы з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй (дзве першыя дзяржавы могуць быць асабліва зацікаўленыя ў гэтым), пазіцыя якіх як кандыдатаў і маладых членаў ЕС у будучым магла б дзякуючы гэтаму ўзмацніцца. Ініцыятывы на карысць “усходняга вымярэння” можна было б таксама ўключыць у праграму дзеянняў у межах Веймарскага трохкутніка, што несумненна ажывіла б яго дзейнасць. Істотным чыннікам паспяховасці “усходняга вымярэння” з’яўляецца здабыццё Польшчай падтрымкі моцных саюзнікаў сярод іншых членаў Еўрапейскай Супольнасці. Асабліва важна было б атрымаць патрымку такіх краін, як Германія альбо Францыя, якія зацікаўлены ў развіцці і ўмацаванні Агульнай замежнай палітыкі, Бяспекі і Абароны Езрапейскай Супольнасці. Таму варта прадстаўляць “усходняе вымярэнне” як элемент узмацнення палітычнага характару ЕС. Асабліва Германія, улічваючы яе зацікаўленне рэгіёнам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, уяўляецца патэнцыяльным партнёрам Польшчы ў рэалізацыі “усходняга вымярэння”. Такі праект мог бы быць стаць прыцягальным для Германіі, зыходзячы з яе палітычных інтарэсаў. Трэба аднак памятаць, што “усходняе вымярэнне” можа таксама стаць месцам сутыкнення спрэчных інтарэсаў у ЕС, напрыклад польскіх і нямецкіх зацікаўленняў у сферы эканомікі. У далейшым таксама няма пэўнасці, наколькі пасля пашырэння Польшча зможа ўдзельнічаць у актыўнай пабудове адносін ЕС - Расія (каб не абмяжоўвацца толькі ўдзелам ва ўкраінскіх справах) і наколькі польская палітыка будзе здольная супрацьстаяць магчымым негатыўным тэндэнцыям адсоўвання Польшчы ад спраў расійска-еўрапейскага супрацоўніцтва.
Патэнцыяльныя магчымасці Польшчы ў межах “усходняга вымярэння” ЕС
Для удзелу Польшчы ў фармаванні “усходняга вымярэння” ЕС палітычных амбіцый Варшавы недастаткова. У многіх сферах, якіх павінна датычыць “усходняе вымярэнне”, Польшчы трэба яшчэ шмат чаму навучыцца. Каб увогуле мець магчымасць удзельнічаць ва “усходнім вымярэнні” ЕС так, як мы гэта абмалявалі, неабходна змяніць заканадаўства ў многіх галінах (на шчасце, гэтыя змены і так будуць адбывацца ў ходзе падрыхтоўкі да ўступлення Польшчы ў ЕС, таму тут мы прадбачым аптымістычнае развіццё падзей). Такі істотны ўдзел Польшчы ў сумеснай замежнай палітыцы ЕС на ўсходзе, які мы б хацелі бачыць, вымагае адпаведнай падрыхтоўкі кадраў дзяржаўнай адміністрацыі, органаў самакіравання і арганізацый неўрадавага сектара. Ацэнка зменаў у гэтай галіне з пункту гледжання як найшырэйшага ўдзелу Польшчы ва “усходнім вымярэнні” дазваляе сцвердзіць, што тэмп зменаў нездавальняючы. Падрыхтоўку адпаведнай колькасці спецыялістаў, якія б валодалі вялікімі ведамі як на тэму Усходу, так і на тэму Еўрапейскай Супольнасці, трэба было б прызнаць прыярытэтнай задачай. Наяўнасць такіх кадраў як найлепей сведчыла б пра нашую “усходнюю кампетэнцыю”.
Станоўчай якасцю Польшчы як прэтэндэнта на стварэнне “усходняга вымярэння” ЕС павінна быць чым найбольшая здольнасць правядзення рэгіянальнай палітыкі на ўсходзе і паўночным усходзе Еўропы – жывы, творчы ўдзел у паасобных рэгіянальных дамовах і палітычных альянсах, асабліва выступленне з новымі ініцыятывамі. Яны павінны быць разлічаныя на дасягненне хаця б мінімальнага палітычнага эфекту. Такія ініцыятывы напэўна паслужылі б адпаведным пропускам для выступлення з ініцыятывамі альбо актыўнай падтрымкі ініцыятыў такога ўзроўню, як “усходняе вымярэнне” ЕС. Падаецца, што актыўнасць польскай дыпламатыі на гэтым полі за апошняе дзесяцігоддзе як у сферы шматбаковых, так і ў сферы двухбаковых дамоваў (Вышаградская група, Веймарскі трохкутнік, Рада дзяржаў Балтыйскага мора, узаемаадносіны з балтыйскімі дзяржавамі, у тым ліку асабліва з Літвой, польска-славацкія ўзаемаадносіны) з’яўляецца адпаведнай падставай для стварэння больш шырокай палітычнай перспектывы. У кантэксце пабудовы “усходняга вымярэння” ЕС ключавым можа быць партнёрства з Літвой (быць можа, ініцыятывы ў межах “усходняга вымярэння” павінны ўзгадняцца Польшчай і Літвой сумесна), а таксама добрыя стасункі са Славакіяй. У гэтым выпадку ўсё яшчэ шмат залежыць ад далейшага развіцця ўнутранай сітуацыі ў Славакіі, якая пасля апошніх выбараў відавочна мяняецца да лепшага.
Ужо сёння відаць, што маючы невялікія капіталы і слабыя інструменты ўздзеяння ў галіне забеспячэння беспекі, у адносінах з Украінай, Беларуссю і Расіяй у межах “усходняга вымярэння” Польшча павінна засяродзіць свае высілкі хутчэй на дзеяннях у грамадскай і, наколькі магчыма, палітычнай сферы. Гэта павінна стаць польскай спецыялізацыяй і полем асаблівай актыўнасці як на еўрапейскім, так і на міжнародным і ўнутрыкраёвым узроўні. Дзейнічаючы на гэтым полі, магчыма, варта абмеркаваць і прапанаваць міжнароднай супольнасці стварэнне ў будучым у Польшчы спецыяльных інстытутаў (сакратарыятаў), якія б займаліся каардынацыяй дзеяняў неўрадавых арганізацый і мясцовага самакіравання ў нашай краіне і іншых зацікаўленых дзяржавах-членах ЕС у межах “усходняга вымярэння”. Да гэтага схіляюць адносна вялікія поспехі Польшчы ў ажыццяўленні дапаможных дзеянняў на Усходзе за апошнія гады, вопыт перадачы ноу-хау, а таксама той факт, што польскія неўрадавыя арганізацыі, якія дзейнічаюць на гэтым полі, у апошнія гады атрымоўвалі фінансаванне не толькі з замежных крыніц: польскі дзяржаўны бюджэт і бізнес аказвалі дзеянням на Усходзе адносна істотную дапамогу.
У эканамічнай сферы Польшча павінна засяродзіцца найперш на праблемах інфраструктуры, асабліва камунікацыйнай і энергетычнай інфраструктуры Усход - Захад. Нягледзячы на аб’ектыўна абмежаваныя магчымасці ініцыявання канкрэтных дзеянняў, Польшча павінна актыўна ўдзельнічаць у выпрацоўцы канцэпцыі, планаў і праектаў канкрэтных дзеянняў ва ўсіх згаданых вышэй сферах “усходняга вымярэння” ЕС.
Заканчэнне
Хаця членства Польшчы ў Еўрапейскай Супольнасці ўсё яшчэ з’яўляецца справай будучыні, надыйшоў час, каб Польшча адпаведным чынам выказала сваю думку на тэму патэнцыяльных магчымасцяў супольнага стварэння агульнай замежнай палітыкі ЕС пасля яе пашырэння, асабліва што да сваіх найбліжэйшых суседзяў на ўсходзе.
Удзелу Польшчы ў такіх праектах павінна аднак папярэднічаць пэўная падрыхтоўка нашай краіны. Можна сцвердзіць, што калі сістэмная трансфармацыя ў Польшчы, а таксама перамовы з ЕС адносна нашага членства ў ёй будуць праходзіць паспяхова, Польшча ўжо ў бліжэйшыя гады будзе ў стане выканаць сваю ролю актыўнага сустваральніка “усходняга вымярэння” ЕС.
Яцэк Ціхоцкі
Марэк А. Ціхоцкі
Павал Коваль
1. Тэкст, які зьмяшчаем дзякуючы прыхільнасьці
Цэнтру Міжнародных Адносінаў у Варшаве, зьяўляецца фрагмантам публікацыі
<<“Усходняе вымярэнне” ЕС – шанц ці idée fixe
польскай палітыкі?>> Іншыя тэксты глядзіце на сайце
Цэнтру Міжнародных Адносінаў.
|