|
26 кастрычніка суд Жыткавіцкага раёну задаволiў пазоў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў да адміністрацыі Жыткавіцкага маторабудаунічага заводу (ЖМЗ): актывістку СПМ Раісу Плюшчакову незаконна звольнілі з прадпрыемства сёлета улетку. Па 100 тыс. руб. ёй заплаціць адміністрацыя ЖМЗ і прафсаюз заводу. 1 лістапада Беларускі кангрэс дэмпрафсаюзаў зьвярнуўся у Вярхоўны суд з просьбай аднавіць Плюшчакову на працы. У Менску за ўдзел у акцыі 28 кастрычніка асуджаны Сяржук Мацкойць (15 с.), Ірына Патанава (3 с.). Прадстаўніцтва дабрачыннай карпарацыі «Каунтэрпарт Інтэрнэшнл» у Беларусі зачынена 29 кастрычніка. Старшыню БСДП (НГ) Мікалая Статкевіча 29 кастрычніка, заміж каб выпусьціць пасьля арышту, сьпярша завезьлі ва управу сьледчага камітэту МУС па Менску — дапытвалі як сьведку акцый 18-20 кастрычніка. 67-гадовая пэнсіянэрка з Ваўкавыску Валянціна Салдатава 29 кастрычніка абвясьціла галадоўку: яна патрабуе перагледзець вынікі выбараў у Ваўкавыскай акрузе. Уначы з 30 на 31 кастрычніка абрабаваны офіс філій БНФ і БХК у Маладэчне — скрадзена аргтэхніка. 1 лістапада журналіст Павал Мажэйка быў асуджаны на 7 сутак за несанкцыянаваны пікет 4 кастрычніка; у залі суду ён абвясьціў галадоўку. 29 кастрычніка былі затрыманы удзельнікі таго ж пікету журналісты Наталя і Анатоль Макушыны. 1 лістапада суд не задаволіў скаргі адвакаткі Веры Страмкоўскай на незаконнае падаўжэньне тэрміну утрыманьня пад вартай Міхаіла Марыніча. У Сьвіслачы (Гарадзеншчына) 1 лістапада пачаўся суд над Віктарам Сазонавым, Сяргеем Мальчыкам, Вадзімам Саранчуковым, затрыманымі падчас ушанаваньня памяці братоу Каліноўскіх. У Воранаве пэнсіянэр Юзаф Кірвель, абвінавачаны ў распаўсюдзе газэты «Тут і цяпер», атрымаў папярэджаньне ад адміністрацыйнай камісіі. Аксана Новікава 1 лістапада атрымала выклік у пашпартна-візавую службу Савецкага раёну Менску: там захоўваюцца дакумэнты на імя Ірыны Шынгаровай з фатаздымкам Новікавай. БАЖ 1 лістапада зьвярнуўся з адкрытым лістом да Міністра Інфармацыі Уладзімера Русакевіча з просьбай адмяніць загад аб прыпыненьні выхаду «Местной газеты», галоўны рэдактар якой Андрэй Шантаровіч галадае ў знак пратэсту.
|