|
21 верасьня гарадзенскае тэлебачаньне не паказала выступу кандыдата ад ПБНФ Мікалая Ворана. Адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску 27 верасьня адмовіла пратэстанцкім суполкам «Царква Ісуса Хрыста», «Царква «Новае жыцьцё», «Новы Запавет» і «Надзея выратаваньня» ў арэндзе памяшканьняў для богаслужэньня. 28 верасьня ўдзельнікі «Шэсьця бяздомных студэнтаў» Сяржук Семянюк і Юры Сідун былі аштрафаваныя на 7 базавых велічынь за супраціў пры затрыманьні. С.Семенюку пагражаюць выключэньнем з Аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту. У Воранаве 28 верасьня міліцыянты склалі пратакол на пэнсіянэра Юзафа Кірвеля за распаўсюджваньне газэты «Тут і цяпер». Кандыдатак у дэпутаты Ларысу Насановіч і Ніну Ярмалінскую 28 верасьня ў Салігорску затрымалі міліцыянты, зьвінаваціўшы ў распаўсюдзе ўлётак: у міліцыі іх абшукалі, разьдзеўшы амаль дагала. У Магілёве 28 верасьня падчас расклейкі налепак кааліцыі «5+» быў затрыманы сябар ПБНФ Зьміцер Салаўёў. У кватэру былога лідэра барысаўскай філіі «Зубра» Аляксандра Моніча спрабавалі забрацца невядомыя, 29 верасьня дырэктар Барысаўскага хлебазаводу прапанаваў яму звольніцца з уласнага жаданьня. 29 верасьня сьледчыя вярнуліся да крымінальнай справы непаўналетніх «зуброўцаў» Кацярыны Клімко й Максіма Громава, якую завялі летась за надпіс «Свабоду Марынічу!», але спынілі праз адсутнасьць складу злачынства. Кандыдат у дэпутаты Яўген Валкавец («Малады фронт») з Жодзіна 29 верасьня пакараны штрафам у 1 б.в. за расклейку ўлётак супраць трэцяга тэрміну. Кандыдату ад ПБНФ Сяргею Салашу (Барысаў) 29 верасьня ў пракуратуры паведамілі, што на яго маюць завесьці крымінальную справу: намесьніца старшыні гарвыканкаму Шутко вінаваціць яго ў пагрозе фізычнай расправы. 29 верасьня ў Воршы міліцыянты правялі ператрус у штаб-кватэры кандыдата ад АГП Генадзя Ананьева ў адсутнасьць гаспадара і бяз ордэру, 3 кастрычніка яго затрымалі за распаўсюджваньне сваіх перадвыбарных улётак. Каардынатара «Зубра» Мікіту Сасіма 29 верасьня затрымалі ў цэнтры Менску і завезьлі ў прыёмнік-разьмеркавальнік: 24 верасьня ён быў завочна асуджаны на 15 сутак арышту. Прыватную друкарню «Топ Тайп», якая друкавала перадвыбарныя ўлёткі дэмакратычным кандыдатам, 29 верасьня апячаталі. Кандыдата ў дэпутаты Алеся Карніенку 29 верасьня затрымалі на берасьцейскай мытні й канфіскавалі 32 асобнікі перадвыбарных улётак, у Гомелі дзяржаўныя друкарні адмовіліся друкаваць ягоныя ўлёткі. На старшыню берасьцейскай філіі ПЦ «Вясна» Ўладзімера Вялічкіна 29 верасьня склалі пратакол за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Рэдактарку недзяржаўнай газэты «Биржа информации» (Горадня) Алену Раўбецкую 30 верасьня суд аштрафаваў на 70 б.в. — «за зьнявагу гонару й годнасьці прэзыдэнта». Адвакатка Вера Страмкоўская 1 кастрычніка падала скаргу ў Менскую абласную пракуратуру, каб спыніць крымінальную справу Міхаіла Марыніча. 1 кастрычніка суд Ленінскага раёну пастанавіў спагнаць з газэты «Народная воля» 776 тыс. руб. на карысьць прадпрымальніка Сяргея Атрошчанкі для кампэнсацыі ягоных судовых выдаткаў. Актывіст «Зубра» Аляксей Шыдлоўскі 1 кастрычніка затрыманы ў Менску падчас распаўсюду ўлётак і аштрафаваны на 30 б.в. Мінінфармацыі 1 кастрычніка прыпыніла на 3 месяцы выхад газэт «Народный предприниматель» (Наваполацак) і «Региональные ведомости» (Горкі). 1 кастрычніка ўначы ў Менску без прад’яўленьня ордэру міліцыянты наладзілі ператрус у штаб-кватэры кандыдатаў у дэпутаты Валянціны Палевіковай і Аляксандра Дабравольскага, канфіскавалі перадвыбарныя ўлёткі й газэту «Неделя». У Віцебску 1 кастрычніка Барыса Хамайду аштрафавалі на 20 б.в. «за несанкцыянаванае пікетаваньне», а Валер’я Шчукіна затрымалі й абшукалі на чыгуначным вакзале. 2 кастрычніка ў менскім офісе Свабодных прафсаюзаў міліцыя перапісала прысутных на каардынацыйным сходзе арганізацыі салідарнасьці «Айчына». Машыну Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка віцебскай філіі фонду імя Лява Сапегі, 3 кастрычніка пад Бешанковічамі спынілі міліцыянты й канфіскавалі ўлёткі супраць трэцяга тэрміну. У Віцебску 3 кастрычніка міліцыянты перапынілі сэмінар па праблемах ЖКГ, ладжаны дэпутаткай гарсавету Вольгай Карач, былі затрыманы Сьцяпан Цішуцін і Зьміцер Сенчукоў. У Гомелі 2 кастрычніка ўзброеныя аўтаматамі міліцыянты наладзілі надгляд прыватнай машыны кандыдата ў дэпутаты ад АГП Юр’я Варонежцава. Кандыдат ад ПБНФ Віктар Раманішка са Сьветлагорску 3 кастрычніка зьвярнуўся з скаргай у ЦВК: гарадзкія ўлады перашкаджаюць яму весьці перадвыбарную агітацыю. Рэчыцкая друкарня «Тытул» 4 кастрычніка сапсавала ўвесь наклад ягоных перадвыбарчых улётак. 4 кастрычніка прадстаўнікі падатковай інспэкцыі наведалі офіс АГП у Менску: іх цікавіў выдавецкі дом «Время», юрыдычны адрас якога зарэгістраваны на сядзібе партыі. Актывістку «Зубра» Маргарыту Анцілеўскую 4 кастрычніка міліцыянты затрымалі ў Менску падчас раздачы газэты «Супраціў» і, зь яе словаў, зьбілі дубінкамі. Кандыдату ад ПБНФ Валеру Пуціцкаму ў Рэчыцы 4 кастрычніка адмовіліся друкаваць перадвыбарчыя ўлёткі.
|