|
Рэалізацыя праграмы, прысвечанай беларускім медыям, была распачата ў 1995 годзе і з таго часу займае надзвычай істотнае месца ў дзейнасці Цэнтра WCD. Яна паўстала як адказ на запатрабаванні асяроддзя мясцовых медыяў на Беларусі. Малы узровень развіцця гэтага асяроддзя, адсутнасць адчування агульных інтарэсаў сярод выдаўцоў газет схіліў нас да распрацоўкі праектаў, накіраваных на падтрымку кансалідацыі і ўзаемадзеяння (networking) выдаўцоў. Мы палічылі неабходнымі дзеянні, якія б дапамаглі беларускім медыям у прафесіяналізацыі і набыцці фінансавай незалежнасці, што абумовіла выкарыстанне польскага досведу ў гэтай галіне.
Мэтай праграмы з’яўляецца актывізацыя асяроддзя незалежных сродкаў масавай інфармацыі, падтрымка арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы прыватных медыяў, падтрымка незалежнай рэгіянальнай і лакальнай прэсы шляхам грантадаўчай і адукацыйнай дзейнасці.
У 1995-1998 гадах мы ладзілі конкурсы грантаў для незалежных газет, як зарэгістраваных, так і незарэгістраваных.
У 1997-1999 гадах ішла праца па інтэграцыі асяроддзя зарэгістраванай незалежнай прэсы. У 1999 годзе было створана Аб’яднанне выдаўцоў рэгіянальнай прэсы (незарэгістраванае ўладамі).
1999-2001 гады адзначаныя распрацоўкай і падтрымкай праектаў Аб’яднання выдаўцоў рэгіянальнай прэсы (тэлевізійны дадатак “Плюс ТВ”) і рэгістрацыяй Фонду развіцця рэгіянальнай прэсы.
Да 2000 года для нас прыярытэтнай была падтрымка незарэгістраваных выданняў. У 2001 годзе мы кіраваліся прынцыпам заахвочвання такіх газет да пераўтварэння ў прафесійныя, зарэгістраваныя выданні, якія б выдаваліся рэгулярна.
У 2001 годзе у межах праграмы быў праведзены конкурс грантаў па чатырох катэгорыях:
1. Зарэгістраваная лакальная прэса, якая выдаецца рэгулярна.
2. Незарэгістраваная прэса.
3. Культурна-грамадскія выданні.
4. Бюлетэні неўрадавых арганізацый.
У выніку правядзення конкурсу ў 2001 годзе было выдадзена 17 грантаў, а ў 2002 годзе чарговыя 12 грантаў.
Акрамя гэтага, мы праводзім адукацыйную дзейнасць для выдаўцоў незалежных газет. На тэрыторыі Беларусі былі арганізаваныя семінары для мясцовых незарэгістраваных выданняў на тэмы: як пісаць для мясцовай супольнасці, чаму варта быць зарэгістраваным выданнем, якім чынам імкнуцца да самаакупнасці. Семінары праводзілі прадстаўнікі польскага Аб’яднання лакальнай прэсы. Журналісты і выдаўцы з Беларусі таксама стажыраваліся у Польшчы – усяго стажыроўку прайшло не менш за 50 асоб.
У маі 2001 года мы арганізавалі сустрэчу ўсіх выдаўцоў незалежнай мясцовай прэсы з Беларусі, каб абмеркаваць структурнае развіццё Асацыяцыі рэгіянальнай прэсы. У мінулым годзе адбылася моцная кансалідацыя асяроддзя выдаўцоў. Газеты пачалі арганізоўваць сумесныя выезды сваіх журналістаў, арганізуючы інфармацыйныя кампаніі наконт праблемаў Чарнобылю і наркаманіі. Яны актыўна ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі.
З 2002 года конкурс грантаў праводзіцца толькі для зарэгістраваных газет. Разам з Фондам развіцця рэгіянальнай прэсы мы праводзім кансультацыі і распрацоўваем бізнес-планы для новазарэгістраваных газет. Мы падтрымліваем стварэнне новых газет перш за ўсё ва ўсходняй частцы Беларусі. На сёння выдаюцца каля 15 зарэгістраваных мясцовых газет, якія калісьці паўсталі і развіліся дзякуючы нашай падтрымцы. На працягу апошніх некалькіх гадоў нашай працы на Беларусі паўстала звыш 300 незарэгістраваных газет і бюлетэняў. Незарэгістраваныя выданні з 2000 года атрымліваюць дапамогу ад БАРЦ (Беларускай асацыяцыі рэсурсных цэнтраў), якая, будучы нашым партнёрам, пераняла ад нас падтрымку такіх выданняў.
Галоўнымі партнёрамі на Беларусі з’яўляюцца Фонд развіцця рэгіянальнай прэсы (Мінск), Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ, Мінск) і “Міжнародны кантакт” (Мінск), а ў Польшчы – Аб’яднанне мясцовых газет. Найважнейшыя газеты, якім мы аказвалі падтрымку: “Пагоня”, “Новая газета Смаргоні”, “Іntex”, “Брестский куръер”, “Вольнае Глыбокае”.
Цэнтр WCD быў першай арганізацыяй, якая звярнула ўвагу на неабходнасць падтрымкі лакальных медыяў на Беларусі. Наш вопыт быў выкарыстаны пры рэалізацыі найбольшай праграмы падтрымкі медыяў на Беларусі – IREX ProMedia. Поспех быў абумоўлены таксама знаёмствам з усімі рэгіянальнымі газетамі, іх сітуацыяй і патрэбамі. Важным чыннікам з’явілася супрацоўніцтва з Аб’яднаннем мясцовых газет і рознымі мясцовымі газетамі ў Польшчы, якія дапамагалі нам у правядзенні семінараў і стажыровак у Польшчы.
На карысць поспеху праграмы сведчыць і ўзрастанне зацікаўленасці незалежнай мясцовай прэсай і колькасці яе чытачоў (павелічэнне накладу склала каля 30% ў 2001-2003 гадах).
Рэалізацыя праграмы несумненна была ўскладнена палітычнай сітуацыяй на Беларусі, рэпрэсіямі ўладаў супраць незалежных медыяў, накладаннямі грашовых штрафаў, пазбаўленнем афіцыйнага статусу актыўна працуючай прэсы. Найбольшай перашкодай з’яўляецца Дэкрэт №8 Прэзідэнта Беларусі, паводле якога грантадаўчая дзейнасць падлягае поўнаму кантролю. Сярод іншых перашкодаў стаіць слабое развіццё прыватнай гаспадарчай дзейнасці і абмежаваная колькасць рэкламадаўцаў, недахоп адукаваных прафесійных журналістаў у рэгіёнах і адсутнасць незалежнай недзяржаўнай сеткі распаўсюджання прэсы.
Рэалізацыя праграмы фінансуецца за кошт грантаў, прадастаўленых Фондам NED з Вашынгтона.
Каардынатарам праграмы з’яўляецца на сучасны момант Павал Казанэцкі
eedc@eedc.org.pl
|