|
| |
[
камэнтары ]

|
 |
pARTisan |
 |
|
|
|
Кароткія развагі да тэмы:
Вопыт дабраякасных мутацый у целе беларускай культуры.
Артур
Клінаў
Зьяўленьне “Шостай лініі” хаця й было кур’ёзам, гэта значыцца тым, чаго не магло быць з гледзішча беларускай рэчаіснасьці, усё ж такі стала не выпадковым вынікам культурных працэсаў 70-80 гадоў. Гаворка перадусім ідзе пра тое кола людзей, якое стаяла за яе ўзьнікненьнем й адпачатку задало тыя парамэтры галерэі, тыя эстэтычныя й ідэалягічныя прынцыпы, якія “Шостая лінія” за рэдкім выключэньнем вытрымлівала ўсе шэсьць гадоў свайго існаваньня. Ахарактэрызаваць гэты зусім ня масавы “пласт” беларускіх аўтараў можна такімі ўжо неактуальнымі сёньня паняцьцямі як авангардысты, андэграўнд, нефармрльнае, неафіцыйнае мастацтва. Трэба сказаць, статус “авангардыста”, мастака, які займаецца ў Беларусі “неафіцыйным”мастацтвам, заўсёды ставіў аўтара ў дастаткова суворыя рамкі, мабыць, больш суворыя чымся ў суседзяў, напрыклад у Маскве альбо ў Піцеры, а тым больш у “братоў” па сацлягеру. Калі ў Маскве ці ў Піцеры падобная зьява ў культуры хаця й не віталася ўладамі, але ў кожным разе андэграўнд тамака меў культурную традыцыю, якая ніколі не перарывалася, адылі, што яшчэ важлівей, так бы мовіць адмысловы “фізыялягічны” раствор, дастаткова шырокае кола людзей, здольных і гатовых успрымаць гэтую культуру, што ў нейкай ступені кампэнсавала непрыняцьце яе афіцыйнымі ўладамі. У Беларусі ж “авангардыст” гэта заўсёды безумоўна выгнаньнік, падпольшчык, аўтар, што ня мае аўдыторыі, а толькі невялікае кола паплечнікаў, падобных да яго і вядучых малую п-арт-тызанскую барацьбу ва ўмовах саўгасна-антычнай эстэтычнай акупацыі. Канечне, гэты тэзыс падыходзіць хутчэй для 70-80-гадоў, аднак на пачатак 90-х, на момант зьяўленьня “Шостай лінііі” сытуацыя хаця й пачала паціху “размарожвацца”, але не настолькі, каб зьмяніцца каардынальна. Бо, нягледзячы на зьмену палітычных дэкарацыяў, людзі, якія адказныя за культурную палітыку ў краіне, засталіся практычна тыя самыя. Таму ў самім факце зьяўленьня “Шостай лініі”, цэнтру, які прапагандаваў ува ўмовах татальнага панаваньня “балотнага рэалізму” цалкам іншыя эстэтычныя прынцыпы, ужо была нейкая адмыслова беларуская анамалія, ненатуральнасьць, вытлумачыць якую мажліва хутчэй зьяўленьнем гэна-мутанта ад узьдзеяньня Чарнобыльскай радыяцыи, Перабудовы, злучэньня капіталізму з сацыялізмам альбо якіхсьці іншых чыньнікаў. Аднак ў выніку неафіцыйная культура (Беларусь – адзіная краіна былога СССР, дзе гэты панятак захоўвае сваё цнатлівае значэньне да сёньняшняга дня) атрымала ў сваё распараджэньне ўнікальнае паводле тэхнічных характарыстыкаў месца, якое стала цэнтральнай сцэнай актуальнага беларускага арт-працэсу 90-х гадоў. З факту прыналежнасьці “Шостай лініі” да неафіцыйнай, альтэрнатыўнай беларускай культуры натуральным чынам фармуляваліся праграмныя прынцыпы дзейнасьці галерэі. Гэта арыентацыя на новыя тэхналёіі ў сучасным мастацтве, падтрымка некамэрцыйных праектаў, адмаўленьне ад прынцыпу элітарнасьці ў адборы аўтараў. “Шостай лініі” ўдалася ня стаць галерэяй якой-небудзь канкрэтнай групы, тусоўкі, кляну мастакоў. Яе ўнікальнасьць складалася й з таго, што “Шостая лінія” аб’яднала вакол сябе аўтараў, якія працуюць у самых розных напрамках экспэрымэнтальнага мастацтва. Аднак наўрад ці гэта можна назваць ліхаежніцтвам (всеядностью; всеядный=усёедны) альбо размытасьцю канцэпцыі галерэі. Хутчэй гэта была спроба ўзяць на сябе функцыі цэнтру сучаснага мастацтва, цэнтру, што стаіць над якімі-небудзь канкрэтнымі плынямі, але прэзэнтуе ўвесь спэктар актуальнага мастацтва. Неабходна заўважыць, што менавіта ў гэты час практычна ва ўсіх краінах Усходняе Эўропы й былога СССР дастаткова пасьпяхова рэалізоўваліся праекты стварэньня падобных цэнтраў пад эгідаю фонду Сораса. Беларусь жа заставалася ды й цяпер, на жаль, застаецца адзінай краінай, якая не далучаная да гэтай праграмы. Вопыт “Шостай лініі” быў рамантычнай спробаю рэалізацыі такога праекту сіламі саміх мастакоў, але, на жаль, спробаю, што не была падмацавана ні матэрыяльнымі рэсурсамі, ні здаровым сэнсам чыноўнікаў зь Міністэрства культуры й іншых установаў.
Як зьяўленьне, гэтак і закрыцьцё “Шостай лініі” было лягічным і асурдным адначасна. Фармальна яе “затапталі” нібыта пэрсанажы з раманаў Кафкі – заўхозы ўстановы, у сьценах якой знаходзілася галерэя. Затапталі безь якой-небудзь нагоды, беспрычынна , самі не разумеючы, навошта яны тое робяць. Зь іншага боку, падобны вынік быў лягічны ў той атмасфэры страху, у якой патанала беларускае грамадзтва напрыканцы 90-х гадоў, дзе гэты астравок эстэтычнай свабоды (эстэтычнага вольнадумства) быў занадта яркаю плямаю на фоне новай калгасна-камунальнай шэрасьці.
Аднак за шэсьць гадоў свайго існаваньняі “Шостая лінія” выканала сваю галоўную задачу : стала цэнтрам камунікацыі, што зьвязаў шматлікія фрагмэнтарныя, якія існавалі ізалявана адна ад другой зьявы ў адзіны кантэкст, артыкулявала задачы, якія стаялі перад актуальным арт-працэсам, стварыла аўдыторыю, здольную да ўспрыманьня новага мастацтва. Калі паспрабаваць сфармуляваць пэрыяды ў разьвіцьці сучаснага мастацтва ў Беларусі, можна з упэўненасьцю сказаць, што зьяўленьне “Шостай лініі” лягічна завершыла пэрыяд 70-80-х гадоў, пэрыяд экзэстэнцыйнай адзіноты аўтара, ды пачало адлік новага этапу існаваньня аўтара ў інфармацыйным полі, па-за якім сення ставіцца пад сумнеў сама мажлівасьць ягонага ўзьнікненьня.
|
|
|
|

[
камэнтары ]
| |
|