:: polska wersja :: :: english version :: :: версія украіньска :: :: русская версия ::  

 

:: дадай да выбранага :: :: кантакт :: наша э-пошта :: :: кантакт :: наш адрас :: :: вярніся на галоўную ::

 
 
 
 
 
 

Праект ажыцьцяўляецца дзякуючы фінансавай дапамозе Пасольства Каралеўства Нідэрляндаў у Варшаве, Пасольства Канады ў Варшаве і National Endowment for Democracy ў Вашынгтоне

 

:: Nasz sponsor ::

 

 

The National Endowment for Democracy

 

 

 

 

[ камэнтары ] 

 

pARTisan

 

ІЛЬВІНАЕ СЭРЦА 

Юрась Барысевіч 

Усім вядома, што Пушкіна любяць жанчыны і ня любяць улады. Жанчыны любяць Алеся за тое, што тактоўны і гаспадарлівы, дасьціпны і вынаходлівы, любяць за рамантычны арэол (нават у натоўпе здалёк відаць шырокі капялюх мастака з фазанавым пяром) і за тое, што не ўжывае тытуню і гарэлкі (аргумэнт, вядома, спрэчны). Але ўсё ж галоўны сакрэт абаяльнасьці Пушкіна найбольш трапна сфармулявала мая маці: “Алесь — з тых людзей, на кім трымаецца сьвет”. Мне да спадобы гэты вобраз мастака як мэтафізычнага атлету, трох сланоў у адной асобе. 

Сьвет трымаецца на тым, хто сам трымаецца за яго. Пушкін — рэаліст у вышэйшым сэнсе гэтага слова. Ён не наракае на лёс, не хаваецца ў нірвану чорных квадратаў альбо ў сувэнірнае мастацтва, каб перачакаць нашэсьце шклоўскіх барбараў, а ўжо потым рабіць штосьці ад шчырага сэрца. Гэта адзін зь нямногіх мастакоў у нашым “згубленым” пакаленьні, які жыве ўсур’ёз, жыве ва ўсю глыбіню душы паўсюль, куды б яго ні закінула карма. 

Паводле натуры Алесь — вечны нацыяналіст. Калі б нарадзіўся ў іншую эпоху альбо ў іншай краіне — рабіў бы штосьці адэкватнае абставінам, каб праславіць сваю новую радзіму. Калі б нарадзіўся расейцам — стаўся б вялікадзяржаўным шавіністам, калі б нарадзіўся гэбраям — маляваў бы перамогу Давіда над Галіяфам арабскага сьвету. Паўплывала на яго і служба ў Аўганістане. Алесю пашчасьціла нікога там не забіць, ён даглядаў гэлікоптэры (мабыць, таму Алесь потым скарыстаў разьбіты гэлікоптэр у сцэнаграфіі спэктаклю “Кароль Лір” Віцебскага драматычнага тэатру), але ўсё ж пачуцьця віны перад аўганскім народам хапіла, каб узьненавідзець канаючую імпэрыю і адмовіцца ад дзяржаўных узнагародаў. 

У тыя гады разам з гарбачоўскай “перабудоваю” пачаўся распад СССР, газэты сталі навыперадкі выкрываць злачынствы бальшавіцкага рэжыму, моладзь падзялілася на сэкты “нефармалаў”, выбухнуў Чарнобыль… Мы вярнуліся са службы ня ў тое жыцьцё, зь якога нас забралі ў войска. Памятаю, шмат месяцаў я ня мог чытаць кнігі і спакойна слухаць лекцыі ва ўнівэрсытэце: мне здавалася, што ўсе “гаспадары думак” — пісьменьнікі, выкладчыкі, палітыкі — альбо хлусяць, альбо памыляюцца. Напэўна, тое самае адчуваў і Алесь. Большасьць нашых равесьнікаў па вяртаньні з войску страціла сэнс жыцьця. Давялося шукаць яго самім — у рэлігіі, грошах, палітычнай барацьбе альбо ў каханьні і дзецях. Пушкін знайшоў сябе ў палітычным мастацтве. Свой тагачасны стыль Алесь называе “беларускім соц-артам”. Легальныя творы мастацтва тады мусілі мець “нацыянальную форму і сацыялістычны зьмест”. Пушкін знайшоў цалкам супрацьлеглае соцрэалізму эстэтычнае рэчышча: нацыяналістычны зьмест, паяднаны з постмадэрноваю формай. 

Дарэчы, на вайну Алесь мог і ня трапіць: дастаткова было сказаць на перасыльным пункце, што вучыўся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце (нас прызвалі пасьля першага курсу) на мастака, і мог бы спакойна служыць пісарам пры якім-небудзь штабе. Пушкін выдатна разумеў гэта, але хавацца ад небясьпекі за чужымі сьпінамі — не ў ягоным характары. Ён азваўся акторам — і, па вялікаму рахунку, ня схлусіў, бо ўжо празь некалькі гадоў стаўся найбольш вядомым беларускім пэрформэрам (апроч таго, сваёй галоўнай заганаю Алесь лічыць тыпова акторскую рысу — нястомны язык). 

Некаторыя калегі называюць пэрформансы Пушкіна занадта эпатажнымі і дэкляратыўнымі: маўляў, пэрформанс — мастацтва элітарнае, ягоная ідэя павінна заставацца няўцямнаю ня толькі для публікі, але і для самога аўтара. Алесь згодны, што ягоныя вулічныя акцыі эстэтычна не зусім дасканалыя, але гэта для яго не галоўнае: ён паказвае людзям не абстрактныя праблемы абстрактнага сьвету, а цалкам рэальны боль сваёй душы — боль за радзіму, што два стагодзьдзі курчыцца “пад расейскімі ботамі” (назва адной зь ягоных карцінаў). 

Зрэшты, нельга сказаць, што Пушкін абраў імідж дысыдэнта і скандаліста, кіруючыся аднымі эмоцыямі. (Алесь нарадзіўся пад знакам Ільва ў год Зьмяі (1965) і датычна свайго характару інтэрпрэтуе гэта так: “Дурны-дурны, але хітры!”. Вялікае сэрца і цьвярозы разьлік — вельмі плённае спалучэньне для ўсялякай творчасьці.) Алесь распавядаў мне: “Калі я пачытаў Както, футурыстаў, “Дзёньнік аднаго генія” Сальвадора Далі, дык зразумеў, што ціхенька рабіць сваю справу недастаткова, каб дачакацца вядомасьці. У сьвеце — тысячы таленавітых мастакоў, і таму для славы трэба, каб Бог дазволіў табе самавыразіцца праз штосьці іншае апрача твайго рамяства — толькі не праз тэрор ці разбурэньне сьвятыняў. 

Я шукаў вялікую ідэю, якую можна было б кінуць у натоўп, і знайшоў яе ў БНР. Праблема незалежнасьці Беларусі дагэтуль застаецца нявырашаная. Я выбраў сваю, зямную ідэю, за якую можна пазмагацца, зь якой можна было зрабіць бомбу — ня бомбу, “качку” — ня “качку”, але падставу для развагаў: думайце, людзі! У свой час, напэўна, так паўстала хрысьціянства: прыйшоў на зямлю Хрыстос са сваёй ідэяй, яго закатавалі, але ягоную ідэю падхапілі іншыя людзі, якія таксама потым прынялі пакутніцкую сьмерць — і так разгойдаўся маятнік. Чым больш было рэпрэсіяў — тым далей распаўсюджвалася новая вера. Тое, што адбылося 25 сакавіка 1989 года, — гэта таксама першы штуршок маятніка. Дастаткова было зрабіць плякаты, прайсьці зь імі 30 мэтраў і тым самым утварыць прэцэдэнт: далей маятнік рушыў сам, бо ідэя (напэўна, Бог мяне асяніў) была вартая.” 

Прэзэнтацыя беларускага соц-арту — гэпэнінг “Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі” — адбылася напярэдадні першых адносна свабодных выбараў у Вярхоўны Савет СССР. Каб забясьпечыць максымальны рэзананс, Пушкін прыйшоў у гарадзкі выканкам і папярэдзіў улады, што рыхтуе несанкцыянаваную антыўрадавую маніфэстацыю (гэтым прыёмам ён не аднойчы карыстаўся і пазьней). Падобным жа чынам нашыя продкі-варагі колісь дасылалі непрыяцелю, каб дэмаралізаваць яго, папярэджаньне: “Сьцеражыся, я іду!” (усе ведаюць пра балцкі субстрат беларускага этнасу, але ня варта забываць і пра скандынаваўскі (рускі) супэрстрат). 

Мабыць, не выпадкова было абранае і месца для акцыі: паміж Тэатральна-мастацкім інстытутам і старым Домам друку, дзе тады месьціліся рэдакцыі цэнтральных газэтаў. Ужо назаўтра ўсе дзяржаўныя газэты надрукавалі (вядома, з санкцыі ЦК КПБ) падрабязны рэпартаж пра гэпэнінг. Не абазнаныя ў сучасным мастацтве, журналісты назвалі невядомы ім жанр “гэпі-эндам”, хоць насамрэч канец акцыі быў далёка не шчасьлівы. 

У бойцы зь міліцыяй, якая атрымала загад разагнаць маніфэстацыю, адзін з асыстэнтаў Пушкіна быў паранены, 21 удзельнік гэпэнінгу быў затрыманы, а сам мастак пасьля 15-дзённага арышту быў асуджаны да 2-х гадоў умоўнага зьняволеньня і 5-гадовага абмежаваньня правоў. Не зважаючы на гэтыя рэпрэсіі, зь інстытуту Алеся ня выключылі (і пасьля абароны дыплёму накіравалі працаваць у Віцебск). 

Тым ня менш падчас гэпэнінгу Пушкін сапраўды моцна рызыкаваў, бо тады яшчэ ўсё магло здарыцца. Ягоная акцыя была падзеяй ня столькі эстэтычнай, колькі этычнай, была актам экзарцызму савецкага д’ябла зь цела псыхічна хворай радзімы. Алесь думаў тады не пра мастацкую выкшталцонасьць гэпэнінгу, а пра подзьвіг купкі людзей, якія ў 1968 годзе адважыліся выйсьці на Чырвоную плошчу ў Маскве з патрабаваньнем свабоды Чэхаславаччыне. Побач зь перакрэсьленай выяваю БССР-аўскага сьцягу Пушкін наклеіў гістарычны трыкалёр і напісаў: “Досыць “сацыялістычнай”, адродзім Народную Беларусь!”. Гэты плякат цяпер — сымбаль той эпохі: ён меў мільённыя наклады ў газэтах, гэта рэч, якую “ўсе бачылі”. Зь ягоным посьпехам можа параўнацца хіба што агульны наклад у беларускім і замежным друку навагодняй паштоўкі Артура Клінава з карыкатурна-парадным партрэтам Лукашэнкі (1997). 

Некаторыя мастацтвазнаўцы, ангажаваныя ў справу нацыянальнага адраджэньня, лічаць лепшай беларускай карцінаю канца ХХ стагодзьдзя твор “Зь мінуўшчыны” (1989). Алесь напісаў яго паловаю лiтра ўласнай крывi — яна сьцякла ручаінаю па палатне з адбiтку далонi. Бел-чырвона-белы сьцяг тады (як і цяпер) быў забаронены ўладамi як ледзь не фашыстоўская сымболiка, i Пушкін ахвяраваў сваю кроў дзеля рэабiлiтацыі палітычна зьняволенага спалучэньня колераў. Мастак нагадаў уладам і ўсім нам містычую лягенду, паводле якой першаўзор трыкалёру быў накрэсьлены крывёю параненага рыцара i прымусіў беларускае войска перамагчы ў бiтве — перамагчы ня толькі ворагаў, але і ўласную слабасьць. (Усе сьцягі пахнуць кроўю, нават калі ў іх няма чырвонага колеру. Калі патрыёты цалуюць сьцяг — яны залізваюць раны продкаў, што змагаліся за лепшую долю для сваёй зямлі. Гэтак сама хрысьціяне залізваюць раны ўкрыжаванага Збаўцы, калі прычашчаюцца віном Ягонай крыві. Беларускі сьцяг можна было б назваць Тураўскаю плашчаніцай — па аналёгіі з Турынскаю.) 

Пушкін ледзь было не ператварыў сваё цела і ў другі нацыянальны сымбаль — герб “Пагоню”. Алесь плянаваў праехаць конна па Ленінскім прасьпекце на чале чарговай антыўрадавай дэманстрацыі, нерухома трымаючы над галавою рыцарскі меч. Але пра гэты праект даведаліся ўлады і напярэдадні акцыі строга забаранілі навакольным калгасам пазычаць коні Пушкіну. Крыху пазьней Алесь часткова рэалізаваў тую мару ў Віцебску: праехаў па цэнтоальнай вуліцы на восьліку — бяз зброі, але з аркестрам (ад міліцыі мастака абараніў натоўп дзяўчатаў.) 

У Віцебску, беларускім прадмесьці расейскага Пецярбургу, Пушкін адразу стаўся энэргетычным цэнтрам неафіцыйнага мастацтва і зубным болем для чынавенства. Пералічу назвы некаторых ягоных пэрформансаў: “7 лістапада”, “Віцебск за кратамі”, “Вясна”, “Вольнасьць”, “Каханьне”. Бадай, найбольш небясьпечым зь іх быў пэрформанс, прысьвечаны памяці сьвятога Язафата, забітага віцяблянамі ў XVII стагодзьдзі перад будынкам, дзе Алесь зьняў сабе майстэрню. Алесь басанож, у адной доўгай кашулі прайшоў па першым сьнезе праз старыя кварталы Віцебску да Дзьвіны, у хвалі якой узбунтаваныя месьцічы кінулі цела свайго біскупа, лёг у лодку і сплыў, пакінуўшы вёслы на беразе, у туман. Толькі цуд і малітвы не далі Пушкіну зьмерзнуць да сьмерці і празь некалькі кілямэтраў прывялі лодку да берагу. На шляху да Дзьвіны віцябляне вылілі на мастака ўсе свае эмоцыі — тры вядры ільдзяной вады (чорнай, чырвонай і белай). 

Яшчэ ў 1991 г. Пушкін наладзіў першую ў Віцебску выставу соц-арту “Артэфакты Дэкляратыўнага мастацтва”, дзе экспанаваліся відэазапісы ягоных пэрформансаў, плякаты, карціны, інсталяцыі. Прыгадваецца дыпціх “Адзеньне Беларусі народнай” і “Адзеньне Беларусі сацыялістычнай”. Першая частка — маляўнічы народны строй з музэю, другая — пудзіла тыповага калгасьніка ў ватоўцы. Калі выстава экспанавалася ў менскім Доме літаратара, да гэтай пары далучыўся голы манэкен з наклеенымі дзе-нідзе дробнымі грашыма і талёнамі на харчаваньне (“Адзеньне Беларусі сучаснай”). У карцінах імпанавала павага аўтара да жоўтых фарбаў, да якіх многія айчынныя мастакі чамусьці ставяцца з пагардай. Некалькі твораў з менскай выставы былі скрадзеныя. Яшчэ да гэтага мастак прывез выставу ў Горадню, але тамтэйшыя ўлады яе забаранілі (потым такое здаралася і ў іншых гарадах). 

У 1993 г. Алесь заснаваў першую ў Віцебску прыватную галярэю “Ў Пушкіна”. У галярэі была сабраная адна зь лепшых калекцыяў беларускага андэрграўнду 90-х гадоў. Сярод найбольш пасьпяховых, нацыянальнага маштабу, імпрэзаў “У Пушкіна” можна згадаць выставы “Postмадэрністы” і “Барока на Беларусі”, фэстываль авангарднага мастацтва “Art-прагноз ‘96” (адным зь ягоных удзельнікаў быў і я). 

Усе 10 выставачных праектаў галярэі Пушкін ажыцьцявіў на ўласныя сродкі, заробленыя манумэнтальным жывапісам, па дапамогу да дзяржаўных установаў і замежных фундацыяў, у тым ліку тагачаснага “ценявога Міністэрства культуры” — Беларускага Фонду Сораса — ён пастанавіў сабе прынцыпова не зьвяртацца. 

На прыканцы 1995 г. з дазволу і пры ўдзеле Пушкіна маргінальныя правыя арганізацыі наладзілі ў галярэі агульнабеларускі зьезд нацыяналістаў. Дараваць Алесю такога нахабству ўлады ўжо не маглі: адна рэч — дзівацтвы бажавольнага мастака, і зусім іншая — падрыхтоўка нацыянальнай рэвалюцыі. Міліцыя выкінула ўдзельнікаў зьезду на вуліцу, а калі тыя пашыхтаваліся і пайшлі ўскладаць кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу — многіх зьбіла і затрымала. Алесь адседзеў за кратамі 15 сутак. Па выхадзе Пушкіна зь вязьніцы ўлады скасавалі дамову пра арэнду памяшканьня пад галярэю, а празь некалькі месяцаў прымусілі яго зьехаць і з будынку былой гімназіі, дзе ён тры гады кватэраваў і здымаў майстэрню. Пушкін яшчэ спрабаваў быў ладзіць праекты сваёй галярэі ў іншых выставачных залях, аднак амаль што паўсюль ягоныя ініцыятывы натыкаліся на арганізаваны ўладамі байкот. Алесь вырашыў пераехаць на радзіму, у мястэчка Бобр, дзе жыве і цяпер. 

Дома, у Бабры, Пушкін распісвае (на ўласныя сродкі і сьціплыя ахвяраваньні суседзяў) новазбудаваную царкву Сьв. Мікалая-Цудатворцы. Росьпіс атрымаўся экумэнічны — з элямэнтамі праваслаўнага канону, каталіцкага протарэнэсансу і антысавецкага соц-арту. Дамінуюць улюбёныя колеры Пушкіна — брунатны і шэра-блакітны, колеры дажджу і хлеба. Царква ўжо некалькі гадоў стаіць неасьвечаная. Мясцовы бацюшка марудзіць з рэгістрацыяй храму, бо ня ведае, як адрэагуе начальства на тое, што ў сцэне Суднага дня мастак зьмясьціў у пекла ня толькі Лукашэнку, але і ягонага камісара — мітрапаліта Філярэта. 

Як і бальшыня мастакоў-манумэнталістаў, Пушкін крытычна ставіцца да царкоўных уладаў, але не да самой веры. Штотыдня бывае ў царкве на набажэнствах, у ёй жа, сярод уласных фрэсак, і абвянчаўся (жонка Яніна — настаўніца гісторыі). Яшчэ ў Віцебску ён адрэстаўраваў два старыя абразы для царквы Сьвятых Кірылы і Мяфодзія, і абодва пачалі міраточыць (плакаць) — для іканапісца гэтая ўзнагарода важыць больш за ўсялякі ордэн ад зямных уладаў. Ужо шмат гадоў Алесь марыць зрабіць росьпісы і вітражы ў полацкім Сафійскім саборы — у храме, бадай, найбліжэйшым да нашага неба. 

Як і ў Сальвадора Далі, у Алеся таксама быў старэйшы брат-цёзка, які памёр у маленстве. Пушкін зрабіў з гэтага выснову, што павінен пражыць два жыцьці ў адным целе, павінен апроч уласнай місіі выканаць тое, што не пасьпелася брату. Алесь піша карціны (доўгі час прынцыпова не прадаваў іх замежным калекцыянэрам). Супрацоўнічае зь Беларускім Акадэмічным тэатрам імя Я.Коласа: апроч згаданай пастаноўкі “Караля Ліра” аформіў спэктакаль “Фрэкен Юлія” паводле п’есы Стрындберга і паліграфію да пастаноўкі “Крэслаў” Ёнэска, а таксама сцэну буйнейшага ва Ўсходняй Эўропе фэстывалю сучаснай харэаграфіі IFMC-93: Віцебск Шагала з вышыні птушынага палёту. Афармляе культавы альбом рок-аранжыровак старых гімнаў “Я нарадзіўся тут” і кнігі беларускіх паэтаў, у тым ліку свайго сябра Славаміра Адамовіча, што адседзеў за кратамі 8 месяцаў за верш “Убей президента!”. 

21 ліпеня 1999 г. скончыліся легітымныя паўнамоцтвы першага прэзыдэнта Беларусі. Хоць Лукашэнка і здолеў адкласьці разьвітаньне з пасадай яшчэ на два з паловай гады, Пушкін, натуральна, ня мог не адсьвяткаваць такую сьветлую дату. Дакладна апоўдні ён — у вышыванай народнай кашулі і ў белых пальчатках — падкаціў да прэзыдэнцкага палацу чырвоны возік сьвежага гною. На каровіных экскрэмэнтах ляжалі партрэт Лукашэнкі, новыя грашовыя купюры, надрукаваныя за час ягонага праўленьня (100.000, 500.000, 1.000.000 беларускіх рублёў), адноўленая сымболіка савецкай Беларусі, наручнікі і ланцугі. Усё гэта было вывалена перад уваходам у палац, пасьля чаго Пушкін урачыста прышпіліў віламі выяву Лукашэнкі да гною. Да возіку была прымацаваная шыльдачка з надпісам: “За пяцігадовую плённую працу!”. 

Ахоўнікі рэзыдэнцыі прэзыдэнта мелі, паводле інструкцыі, права застрэліць мастака: а раптам пад гноям схаваная бомба? Алесю пашчасьціла, што міліцыянты спачатку палічылі яго флярыстам, які зьбіраецца саджаць кветкі. Па вялікім рахунку, яны не памыліліся. Алесь мяркуе, што вобраз гною мае ня толькі абражальны, але і аптымістычны сэнс: “Гэта тое, што ўгноіць парасткі дэмакратыі ў народзе, з гэтага вырасьце новая Беларусь”. Навіна пра гэпэнінг імгненна трапіла ў зводкі буйнейшых інфармацыйных агенцтваў, і толькі таму Алеся ў той да вечар адпусьцілі з пастарунку пад падпіску аб нявыезьдзе. Суд адбыўся ў лістападзе. Мастаку “сьвяціла” да пяці гадоў вязьніцы за “злоснае хуліганства”, але выкліканы ў якасьці экспэрта ў гарадзкі суд вядомы пэрформэр Віктар Пятроў здолеў давесьці, што Пушкін учыніў не палітычную, а мастацкую акцыю. Алесю прысудзілі два гады ўмоўна, а праз год амніставалі разам з усімі асуджанымі вэтэранамі аўганскай вайны. 

Ужо ў верасьні Алесь бярэ ўдзел у міжнародным фэстывалі пэрформансаў “Навінкі ‘99”. Першапачаткова плянавалася, што ягоны ўсходні танец зь сякераю адбудзецца на пляцоўцы перад Палацам мастацтваў, Пушкін нават прывез поўны мікрааўтобус гукаўзмацняльнае апаратуры, каб разгарнуць сваю акцыю да сьценаў Акадэміі міліцыі і школы КГБ, але праваахоўныя органы настойліва параілі мастаку перанесьці пэрформанс усярэдзіну галярэі — і паветра ў ёй ажно крышылася ад дэцыбэлаў фанаграмы July Morning гурта Uriah Heep. Візуальным фонам дзеі “Ліпеньская раніца Джахара Дудаева” быў велізарны партрэт забітага карнікамі прэзыдэнта Чачні ў палявой форме яшчэ савецкага крою. Пушкін, апрануты ў такую самую форму, усталёўвае перад партрэтам драўляную плаху і пачынае мэтадычна караць сякераю качаны капусты, напампаваныя чырвонаю фарбай. Качаны яму падае асыстэнтка, у валасы якой учапілася кіпьцюрамі мёртвая драпежная птушка. 

Калі цэлых “галоваў” ужо не застаецца — Алесь пачынае шынкаваць зьнявечаную гародніну на тарцы. Паступова ўсё навокал — партрэт Дудаева, газэты на падлозе і сам салдат — ператвараецца ў адну бязьмежную лужыну крыві. Мэтадычная экзэкуцыя нагадала ня толькі “зачысткі” каўкаскіх сёлаў расейскімі войскамі і менскіх двароў міліцыяй падчас разгону акцыяў бунтоўнае моладзі. Асабіста мне падумалася: мы ўсе — і ахвяры, і каты аднаго на ўсіх жыцьця. Можна шкадаваць па-здрадніцку забітага Дудаева, але ж менавіта ён, колішні генэрал авіяцыі, вынайшаў тактыку “дывановага бамбаваньня” няскораных аўганскіх плямёнаў, якую расейская авіяцыя неўзабаве скарыстала і на ягонай радзіме. Мабыць, Пушкін прыгадаў і свой удзел у аўганскай кампаніі, і забітых аўганцамі сяброў… 

Адзіны пэрформанс, які Алесю ўдалося паказаць за мяжой, мае назву “Новы беларускі партызан”. Месца дзеяньня — фэстываль беларускага мастацтва ў галярэі Arsenal (Познань. 2000). Пушкін у народным строі сядзіць перад мальбертам, піша карціну, ягоныя голыя ступні адпачываюць у місе з вадой. Побач на вялікім экране дэманструецца відэазапіс разгону антылукашэнкаўскіх маніфэстацыяў, пырскае кроў з разьбітых галоваў. Тымчасам да Алеся падкрадаецца асыстэнт і ўкладае ў місу з вадою кіпяцільнік. Пакуль мастаку хапае цярплівасьці, ён працягвае працаваць, але рухі пэндзля робяцца ўсё больш нэрвовыя. Калі вада ўжо амаль ператварылася ў бульён, Пушкін вымае зь місы пачырванелыя ногі, узьнімаецца і хуценька пераапранаецца ў сваю старую вайсковую форму. Потым хапае з падлогі сякеру і з размаху перабівае дрот кіпяцільніку. На карціне, якую дапрацоўваў мастак, расьсякае аблокі сымбаль народнага паўстаньня — сякера ў аголеных мускулістых руках (маштаб абраны такі, што няўцямна, чые гэта рукі — самога Алеся альбо ўсяе працоўнае клясы, якую, нарэшце, дапяклі спробы эксцэнтрычнага старшыні калгасу пабудаваць “беларускую мадэль” эканомікі: наўрад ці народу маглі б настолькі ж надакучыць відэакліпы пра крывавыя танцы студэнтаў зь міліцыяй). 

Я пазнаёміўся з Алесем у пачатку 1990-га (пазнаёміла дзяўчына, да якой мы ў розны час заляцаліся). Пушкін запрасіў мяне быць сьведкам свайго “апошняга” гэпэнінгу: чарговы Дзень волі ён тады зьбіраўся адзначыць разам зь сябрамі імітацыяй штурму менскай сядзібы КГБ, прычым кульмінацыйным пунктам гэпэнінгу павінен быў стацца акт самаспаленьня мастака. Алесь спадзяваўся, што такая скандальная падзея прымусіць антынацыянальны ўрад БССР пайсьці ў адстаўку. 

Задума Пушкіна нагадала мне ўчынак Яна Палаха, чэскага студэнта, які спаліў сябе на знак пратэсту супраць здрадніцкай акупацыі ЧССР братамі-славянамі ў 1968 годзе. Калі Палах паміраў у шпіталі, сябры прынесьлі яму радыё, па якім ва ўсіх мовах перадавалася жудасная навіна пра ягонае самазабойства ў імя свабоды радзімы. Можна ўявіць сабе ўсьмешку пад бінтамі на твары паміраючага ў пякельных пакутах Яна, але ўявіць сабе такую ж шчасьлівую сьмерць Пушкіна я ня мог. Урадавыя газэты напісалі б, што Пушкін зьехаў з глузду на глебе нацыяналізму, і народ пагадзіўся б з такім дыягназам. 

Я спрачаўся з Алесем, казаў яму, што творчы чалавек ня мае права паміраць раней за свой талент. Разам з мастаком гінуць і ўсе творы, якія ён не пасьпеў напісаць, у тым ліку і тыя, што, магчыма, зрабілі б больш для прасьвятленьня думак суайчыньнікаў, чым дабраахвотная сьмерць аўтара. Нельга забіць сябе, не параніўшы іншых людзей. І чым бліжэйшыя табе тыя людзі — тым мацней ім будзе балець. Лепш гарэць вялікай ідэяй шмат гадоў, чым некалькі хвілінаў, лепш саграваць сабой плянэту, а не падсмажваць яе. Калі чалавек жыве дзеля сваёй ідэі — ён ужо аддае жыцьцё за яе. Ня ведаю, ці паўплывалі тады на Алеся мае аргумэнты, з жахам чакаў 25 сакавіка — і пад уражаньнем ад той дыскусіі з Пушкіным напісаў сваё першае эсэ па-беларуску (“Мастак і самазабойства”). 

Да ідэі самаспаленьня Алесь вярнуўся толькі празь 10 гадоў, калі рыхтаваўся да выставы суполкі “Пагоня” на Дзень волі—2000 ў Палацы мастацтваў. Пэрформанс “Фэнікс Беларусі” мог бы стацца “цьвіком” выставы, але вэтэраны “Пагоні” спалохаліся, што гэта будзе той цьвік, якім улады скалоцяць крыж на магілу суполкі. Пэрформанс мусіў выглядаць наступным чынам. Уявіце сабе вялікі брызэнтавы навес (4 х 6 мэтраў), пад якім стаіць Пушкін, апрануты як на аўтапартрэце “Плэнэр на Беларусі”. Асыстэнты ў форме расейскіх нацыстаў падпальваюць Алеся запальнічкамі, і ён сэкундаў 15 гарыць (каб унікнуць сур’ёзных апёкаў, мастак меркаваў скарыстаць адмысловую мазь). Потым на яго падае брызэнт, пафарбаваны ў колеры расейскага сьцягу. Нацысты зьбіваюць мастака міліцэйскімі дубцамі. Нарэшце, з-пад расейскага сьцягу вылазіць белая здань. Гледачы ідуць ёю па імпэрскім трыкалёры ў суседнюю залю і бачаць там аўтапартрэт палаючага мастака, а сам Алесь бясьследна зьнікае. 

Празь некалькі месяцаў Пушкін атрымаў запрашэньне паказаць гэты пэрформанс на выставе “Новае мастацтва Беларусі” ў варшаўскім Уяздоўскім замку. Улады зноў не дазволілі Алесю выехаць за мяжу, і ён папрасіў мяне адвезьці ў Варшаву наўзамен ягонага цела пару палотнаў, у тым ліку аўтапартрэт (мяне запрасілі на тую ж выставу прачытаць лекцыю, якая сама ператварылася ў пэрформанс Spirit & Sprite). Берасьцейскіх мытнікаў было цяжка пераканаць, што ў языках полымя на карціне стаіць і спакойна глядзіць нам у вочы сам аўтар, а не Лукашэнка: некаторыя Кашчэі, як мы ведаем, таксама амаль несьмяротныя. 

 

 

[ камэнтары ]

 

пра нас  |  пра рэгіён  |  бібліятэка  |  спасылкі  |  форум

webmaster