|
| |
[
камэнтары ]

|
 |
pARTisan |
 |
|
|
|
НАВІНКІ-ФЭСТ
Артур Клінаў
Міжнародны фэстываль пэрформэнсу «Навінкі» стаўся бадай адной з найбольш удалых і заўважных рэалізацый у кантэксьце беларускага сучаснага мастацтва апошніх гадоў. Праект «Навінак» быў першым праектам у межах праграмы «Міжнародныя арт-фэсты ў Беларусі», распрацаванай недзяржаўнай грамадзкай арганізацыяй — Беларускай Асацыяцыяй Сучаснага Мастацтва. Неабходнасьць стварэньня й рэалізацыі гэтай праграмы тлумачылася фантастычным выпадзеньнем нашай краіны з кантэксту эўрапейскага актуальнага арт-працэсу 90-х гадоў, што сталася вынікам цэлага шэрагу нэгатыўных фактараў.
Гэта, па-першае, адсутнасьць на тэрыторыі Беларусі базавых інстытуцыяў, неабходных дзеля арганізацыі паўнавартаснага Contemporary art-працэсу, якімі зьяўляюцца Цэнтры сучаснага мастацтва, інстытуты мэнэджэраў ці куратараў, галерэі актуальнага мастацтва (ня блытаць з магазінамі па продажы карцінаў), перыядычныя выданьні адпаведнай праблематыкі.
Па-другое, брак падставовых вышэйназваных інстытуцыяў, якія адначасова зьяўляюцца й камунікатыўнымі цэнтрамі прывёў да таго, што Contemporary art-працэс у Беларусі апынуўся ў фактычнай інфармацыйнай ізаляцыі, бо тое, што адбывалася ў Беларусі заставалася па-за эўрапейскімі інфармацыйнымі шляхамі, і наадварот падзеі эўрапейскага актуальнага мастацтва даходзілі да нас у выглядзе фрагмэнтарных несыстэматычных выпадковых паведамленьняў.
Па-трэцяе, хаця фактычна гэта ёсьць прычына першага й другога: поўнае неразуменьне дзяржавай (як лукашэнкаўскага, так і да-лукашэнкаўскага пэрыяда) важнасьці разьвіцьця Contemporary art у краіне як дзеля беларускай культуры наагул, так і дзеля міжнароднага іміджу краіны. Да прыкладу, няўдзел Беларусі ў Сусьветнай Алімпіядзе Актуальнага мастацтва – Вэнэцыянскім Біенале, ставіць краіну ў гэтай галіне на адзін узровень з самымі затурканымі й беднымі афрыканскімі дзяржавамі, хаця каб быць прадстаўленымі на біенале патрабуецца сродкаў у дзесяткі разоў менш, чым пабудова аднаго хакейнага “палацу”.
У гэткай сытуацыі Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва, утвораная напрыканцы 1998 года, узяла на сябе ініцыятыву па пераадоленьні вышэйзгаданых нэгатыўных фактараў і зьяўляецца на сёньня бадай адзінай у краіне арганізацыяй намагаючайся вырашаць задачы Цэнтру сучаснага мастацтва, які працуе ў кантэксьце Contemporary art.
Асацыяцыяй сучаснага мастацтва быў прапанаваны для рэалізацыі цэлы шэраг доўгатэрміновых праграмаў, маючых на мэце стварэньне ў краіне інфраструктуры неабходнай дзеля нармальнага разьвіцьця Contemporary art працэсу ў Беларусі.
Адной з такіх праграмаў стаўся праект арганізацыі ў Беларусі некалькіх міжнародных штогадовых фэстаў актуальнага мастацтва. Асаблівасьць гэтай праграмы палягае на тым, што ў адрозьненьні ад большасьці іншых праграмаў асацыяцыі, галоўнай мэтай якіх зьяўляецца прамоцыя беларускага сучаснага мастацтва ў сьвеце, тут акцэнт робіцца на магчымасьці паказа найноўшых тэндэнцыяў эўрапейскага й сусьветнага мастацтва ўнутры нашай краіны.
Непасрэдна гэта прымае форму запрашэньня вядомых эўрапейскіх аўтараў дзеля рэалізацыі сваіх праектаў менавіта на тэрыторыі Беларусі.
Першы міжнародны фэстываль пэрформансу “Навінкі” адбыўся ў верасьні 1999 г. у памяшканьні Палацу Мастацтва ў Менску. Аўтарам ідэі фэстывалю быў вядомы беларускі мастак Артур Клінаў, якога можна назваць ідэолягам Contemporary Art працэсу ў Беларусі (яму належыць аўтарства ў распрацоўцы большасьці праграмаў Асацыяцыі Сучаснага мастацтва). Галоўным куратарам як першых так і ўсіх наступных “Навінак” стаў вядомы беларускі пэрформэр Віктар Пятроў. Другі куратар — Дзяніс Раманоўскі, які зьяўляецца адначасова й аўтарам каталёгаў фэстывалю.
Апроч галоўнага арганізатара фэстывалю — Асацыяцыі сучаснага мастацтва — суарганізатарамі ў розныя часы зьяўляліся Польскі Інстытут у Менску, Інстытут Гётэ, Беларуская Асацыяцыя журналістаў ды іншыя інстытуцыі.
Замежным партнэрам “Навінак” стаў вядомы эўрапейскі фэстываль пэрформансу “Замак Воображні” (куратар – Уладзіслаў Казімірчак. Польшча).
Ужо першы фэстываль “Навінкі -99” пераўзышоў усе самыя сьмелыя прагнозы. Цікавасьць да фэстывалю была велізарнай, як з боку беларускай публікі(часам немагчыма было нешта разгледзець з-за вялікай колькасьці народу, што некаторымі наведвальнікамі, мяркую, не зусім слушна выказвалася як папрок у бок арганізатараў), так і з боку эўрапейскіх пэрформэраў (колькасьць жадаючых прыехаць у Менск, нягледзячы на ўмову, што госьці самі фінансуюць свой прыезд была нашмат большай, чы маглі прыняць арганізатары фэстывалю).
Большасьць замежных удзельнікаў першых “Навінак” насамрэч можна аднесьці да катэгорыі зорак эўрапейскага пэрформансу. Прысутнасьць на фэстывалі такіх імёнаў як Казімірчак, Квек, Балдыга, Стэфанік, Маллой, Лэйдэл, Юхан, Фэррндо, Сурувка адразу ўзьняла плянку фэстывалю да роўню сур’ёзнага эўрапейскага праекту. Сьведчаньнем паважнасьці й сур’ёзнасьці першых “Навінак” можа быць і тая велізарная колькасьць публікацыяў (больш як сорак), якая зьявілася па выніках фэстывалю ў беларускай і замежнай прэсе.
“Навінкі-2000” толькі ўзмацнілі ды пацьвердзілі тэндэнцыі, якія акрэсьліліся падчас правядзеньня “Навінак-99”. Месцам падзеі быў выбраны клюб “Pall-Mall”, бо “Палац мастацтва” па ідэалягічных прычынах адмовіў арганізатарам у памяшканьні, пацьвердзіў тым самым сваю прыхільнасьць да “высокадухоўнага”, “высокага” мастацтва, якім пэрформанс, як жанр альтэрнатыўны й амаль “балаганны” не зьяўляецца.
Рэйтынг замежных удзедьнікаў фэстывалю быў такі высокі, як у папярэдніх “Навінках”, але геаграфія фэстывалю была пашырана прысутнасьцю аўтараў зь Японіі () ды Ізраілю (). Эіропа была прадстаўлена пэрформэрамі з Польшчы (), Чэхіі (), а таксама ***** аптыміст, якая ўваходзіць у сусьветную эліту пэрфрманса.
Адметнасьцю другіх “Навінак” сталася выразная тэндэнцыя колькаснага росту беларускіх аўтараў, якія працуюць у жанры пэрформансу. Калі для першага фэстывалю іх даводзілася шукаць, то на гэты раз колькасьць жадаючых удзельнічаць нашмат пераўзыходзіла магчымасьці паказу (маецца на ўвазе ліміт адведзенага на фэстываль часу). Апошняя абставіна пацьвердзіла слушнасьць выбранай арганізатарамі фэстывалю стратэгіі, сутнасьць якой у тым, што запрашэньне ў Беларусь выбітных майстроў пэрформансу дзеля адкрытых публічных выступаў павінна было спрыяць папулярызацыі жанру ў нашай краіне, мусіла, так бы мовіць, справакаваць сытуацыю, даць штуршок разьвіцьцю пэрформанса ў краіне, дзе да астатняга часу гэтым відам мастацтва займаліся лічаныя адзінкі аўтараў. Больш за тое, трэба адзначыць, што апошнім часам пэрформанс у Беларусі, насамрэч, перажывае не вядомы раней пад’ём. Рост ягонай папулярнасьці тлумачыцца шэрагам аб’ектыўных фактараў, галоўным зь якіх зьяўляецца так званая прастата выкананьня. Знаходзячыся, безумоўна, у кантэксьце актуальнага арт-працэсу, пэрформанс апэруе вельмі даступным у нашай краіне інструмэнтам – целам аўтара. Канечне, сусьветнай практыцы вядомы прыклады, калі дзеля рэалізацыі пэрформансу аўтару патрэбна тэхнічнае абсталяваньне коштам у дзесяткі тысяч даляраў, але такія праекты наўрадці будуць магчымыя ў нашай краіне ў бліжэйшы час.
Апэруючы практычна толькі сваім целам, беларускі аўтар атрымлівае магчымасьць стварыць вельмі эфэктыўнае, але адначасова малазатратнае пасланьне. Апошняя акалічнасьць зьяўляецца дастаткова вакжным аргумэнтам у краіне, дзе штогод бюджэту на Contemporary Art-працэс выдзяляецца нуль цэлых, нуль дзесятых разьліковых білетаў нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь. Даступнасьць рэалізацыі пры магчымасьці актыўнага ўплыву на аўдыторыю робіць пэрформанс вельмі прывабным і дзеля палітычных акцыяў.
Важнай тэндэнцыяй апошняга часу, безумоўна, можна лічыць дынамічнае разьвіцьцё палітычнага пэрформансу ў Беларусі, найбольш вядомымі прыкладамі якога можна назваць пэрформанс з “тачкай гаўна” Алеся Пушкіна, ці “Дзень псыхічнага здароўя”(акцыя арганізацыі “Зубар”).
Значная роля ў росьце папулярнасьці мастацтва пэрформансу ў Беларусі, безумоўна, належыць фэстывалю “Навінкі”, які папросту ў адпаведным месцы, у адпаведны час каталізаваў сытуацыю, прадэкляраваўшы магчымасьці пэрформансу ў краіне, патэнцыйна гатовай да ўспрыняцьця гэтай інфармацыі, у краіне, дзе ўсё, што адбываецца, часам здаецца адным вялікім сюррэалістычным прадстаўленьнем (пэрформансам).
Ірацыянальнасьць беларускага жыцьця, насам рэч, стварае той неабходны кантэкст, так бы мовіць фізыялягічную рошчыну, у якой нараджаецца мастацтва пэрформансу, як зьява арганічная, як свая аўтэнтычная культура, а не як фэномэн, прынесены звонку, за якім трэба бегчы, каб не адстаць ад жыцьця, цывілізацыі, прагрэсу. Арганічнасьць мастацтва пэрформансу дзеля сучаснага беларускага кантэксту дае падставу меркаваць, што фэстываль “Навінкі” не стане чарговай эпізадычнай зьявай, але мае добрую пэрспэктыву для дынамічнага разьвіцьця, вынікам якога мусіць стаць замацаваньне “Навінак” на культурнай мапе Эўропы як паважнага рэйтынгавага праекту, які б адкрываў Беларусь сьвету. Але, хацелася б спадзявацца, ня ў вобразе велізарнага псыхіятрычнага шпіталю на 10 мільёнаў койка-месцаў, а ў пачатковым этымалягічным значэньні слова “навінкі” -- як нешта новае, яшчэ невядомае, а таму, як усё новае, заўсёды цікавае.
|
|
|
|

[
камэнтары ]
| |
|