|
| |
[
камэнтары ]

|
 |
pARTisan |
 |
|
|
|
IN-FORMATION, ВІЦЕБСК. ХРОНІКА СА СПАДЗЯВАНЬНЕМ НА ПРАЦЯГ
Ларыса Міхневіч
"In-formation" - незалежны выставачны праект, які штогадова з 1994 году ладзіцца ў Віцебску. Cпрошчана яго ідэя фармулюецца так : экспануецца "ня жывапіс" і "ня графіка" . Назва дакладна адлюстроўвае сэнс праекту: з аднаго боку, гэта пошукі формы (in forma – унутар формы), зь іншага - in-formation стаецца плыняй інфармацыі, то бок дае максымальны спэктар сродкаў выразнасьці. З 1995 году праект "In-formation" робіцца міжнародным. У ім удзельнічалі мастакі й мастацтвазнаўцы зь Беларусі, Польшчы, Расеі, Швайцарыі, Нарвэгіі, ЗША, Францыі. Галоўным куратарам праекту зьяўляецца віцебскі мастак Васіль Васільеў. Кола аўтараў складае 10-15 чалавек. Колькаснае абмежаваньне складу ўдзельнікаў – яшчэ адна з асаблівасьцяў гэтага праекту - тут неабходна дзеля стварэньня інфармацыйнай прасторы з адмысловымі варункамі падрабязнага знаёмства, дыялёгу і абмену.
Канцэпцыя праекту выглядае не па-беларуску катэгарычнай, калі ўлічваць, што большасьць мастакоў у Беларусі традыцыйна рэалізуе сябе ў жывапісе ці графіцы. Напачатку выслоўі куратараў “ня жывапіс” і “ня графіка” мелі наўвазе падкрэсьліць толькі не-акадэмізм.
Таму на выставах даволі доўга прысутнічала жывапісная геамэтрычная абстракцыя. Але ўжо сёмая "In-formation" засьведчыла, што прысутнасьць у экспазыцыі творау з ілюзіунай прасторай ды захаванай тэхналягічнай схемай "падрамнік-палатно-алей" успрымалася як недарэчнасьць.
На "In-formation" няма намінацыяў, конкурсаў ці журы. Сталыя ўдзельнікі праекту – з віцебскага нэаавангарду. Выбар "ня віцебскіх" аўтараў традыцыйна залежыць ад волі куратара. .
1994
1994 год пачаўся ў Віцебску з эйфарыі з нагоды адразу двух міжнародных плэнэраў, прысьвечаных Шагалу й Малевічу. Таму праект Міколы Прусакова й Васіля Васільева (менавіта ім і належыць ідэя «In-formation») тады ні ў кога ня выклікаў прадчуваньняў выбуху. Была заплянавана групавая , выязная, «нерэалістычная» выстава, якая ў ідэале мелася стацца й міжнароднай. Гульня вялася згодна з правіламі, калі «паасобку не прабіцца». Першая выстава «In-formation» адбылася ў чэрвені ў памяшканьні мясцовага Палацу культуры й тэхнікі. Экспазыцыя разгарнулася ў холах, на лесьвіцах, дыскатэчных залях, фае. Зь Віцебску ў ёй удзельнічалі: Васіль і Галіна Васільевы, Мікалай Прусакоў, Андрэй Вярэніч, зь Менску былі – Людміла Русава ды Ігар Кашкурэвіч. Запрашаў аўтараў Васіль Васільеў. Менавіта ён пазнаёміў тады Прусакова, Вярэніча зь менскімі зоркамі новага мастацтва. Аўтарам групавой экспазыцыі на «In-formation» таксама стаўся Васіль Васільеў.
Менчукі прадставілі свае ўжо добра вядомыя працы. Ігар Кашкурэвіч прывёз свае «раскаткі» - «канцэнтрычныя каляровыя паверхні», пры стварэньні якіх заместа пэндзля ўжываўся валік. Тыя ягоныя фактурна-колерныя пошукі сёньня ўжо лічацца клясыкай беларускага мастацтва другой паловы 80-х – пачатку 90-х. Людміла Русава зрабіла вельмі лаканічную, па-плякатнаму выразную кампазыцыю з каляровага тэкстылю (прыкладна тры на тры мэтры). Гэта быў шэраг фрагмэнтаў з эвалюцыяй геамэтрычнай формы – чорнай на белым, белай на чорным, чырвонай на белым, чырвонага на белым і гэтак далей.
Яшчэ адна экспазыцыя з геамэтрычнай плястыкай належыла Галіне Васільевай. Некалькі праэктау –«Сьцяна-1», «Чорныя структуры», «Квадраты» - не зьвязаныя агульнай задумай, прадстаўлялі пафарбаваныя тэмпэрай палатняныя прасторы.
Экспазыцыя Міколы Прусакова ня мела адной ідэі. Мне запомнілася нізка разліновак белых паверхняу (на адной зь іх мастак разьбіў дзва слоіка с фарбай), інсталяцыя з графітавым квадратам на падлозе й вертыкальным жалезным ланцугом, які празрыстая леска мацавала да высознай столі. Гэты вертыкальны ланцуг і сёньня яшчэ згадваецца ў віцебскім мастацкім асяродку.
Андрэй Вярэніч прапанаваў канцэптуальны праект «Арт». Сьцены вялікай залі былі завешаны агромністымі аркушамі белай паперы з чорнымі кропкамі, на сярэдзіне залі «цінькаў» мэтраном.
Васіль Васільеў прадставіў праект «REX» (лац. Кароль – гэта значыцца той, хто ведае асноўны закон, ім валодае, гарантуе яго), які можна патлумачыць як мадэль Унівэрсуму. Інсталяцыя складалася з палатна на сьцяне памерам пяць на шэсьць мэтраў, на якім былі 82 графітавыя акружнасьці, а на падлозе вялікі, шэсьць мэтраў у дыямэтры, круг з рачнога жвіру. Над кругам – балянс з двух розных мэталаў.
Першая «In-formation» ладзілася з фундацыі беларуска-нямецкага СП “Белвэст”. Дзякуючы той грашовай дапамозе была надрукавана афіша, запрашальнікі й невялікі каталёг (150 пранумараваных паасобнікаў), які стаў пасьля рарытэтам. Мастацтвазнаўцаў да ўдзелу ў праекце не запрашалі.
1995
1995 быў «зорным» для «In-formation». Арганізатары атрымалі грант Беларускага Фонду Сораса. Андрэй Вярэніч, аўтар прафінансаванага праекту, быў прызначаны яго галоўным куратарам. З гэтага году праект лічыцца міжнародным: у ім узялі ўдзел мастацтвазнаўцы з Расеі – Віталі Пацюкоў і Галіна Дэмасфэнава («Фонд Малевіча», Масква), мастак з Польшчы – Лявон Тарасевіч. У гэтым годзе да праекту далучыліся Аляксей Велікжанін (Менск), Алег Ладзісаў (Полацак), Аляксандар Малей (Віцебск).
«Інфармацыя-2» адбывалася ў верасьні. Яна адкрылася акцыяй Аляксея Велікжаніна «Чыстая прастора». Мастак выгарадзіў квадратнай формы пляцоўку ў холе мастацкага музэю (там знаходзілася асноўная частка экспазыцыі) і вымыў той лапік падлогі пад гукі флейты падлетка-музыкі з падземнага пераходу. Потым разьвесіў шыльды з назваю праекту на ангельскай мове. Сакральнасьць гэтай прасторы не была парушана за ўвесь час выставы.
Мікола Прусакоў экспанаваў сваю геамэтрычную абстракцыю (графіт, крэйда, папера) ды інсталяцыю, якая складалася з вяровачнай вежы й камяня. Алег Ладзісаў працаваў з тэкстам (інсталяцыя «Сумоўе»). Аляксандар Малей прапанаваў жывапіс, які быў выкананы сродкамі аб'ёмных геамэтрычных формаў-аб'ектаў, а таксама міні-інсталяцыі, дзе жывапіс злучаецца з аб'ектам. Людміла Русава зладзіла пэрформанс, дзе фігуравала цела й каляровы тэкстыль (далей экспанаваліся аўтарскія фотаздымкі й тэкст). Ігар Кашкурэвіч зрабіў інсталяцыю са сваіх «раскатак», агнетушыльнікаў, дэкаратыўных кветак у кашпо й вялікіх белых кубаў. Увесь гэты рыштунак, апрача жывапісу, ён знайшоў у мастацкім музэі. Ягоная «Аранжэрэя «Архі-про-уна-прэматол» Бязглудзьдзіца! Злачынства! Бездакорнасьць! Росквіт!» - праект, дзе гіронія зьявілася рэакцыяй на постсавецкую эстэтыку будынку мастацкага музэю (тамака калісьці раней месьцілася партыйная ўстанова).
Апрача Васільева яшчэ двое мастакоў зрабілі пэрсанальныя экспазыцыі: Галіна Васільева й Андрэй Вярэніч. Вэрнісаж Галіны быў трэцім па чарзе: яна прадставіла свой геамэтрычны жывапіс у выставачных залях краязнаўчага музэю.
Апошнім стаўся вэрнісаж Андрэя Вярэніча – ён праходзіў у залях музэю Марка Шагала. Аўтар зрабіў гледача актыўным саўдзельнікам: напачатку трэба было прайсьці праз рытмізаваную прастору з падвешанымі да столі вяроўкамі, адчуць вагу, моц удару, жорсткасьць ніткі… У другой залі знаходзіліся папяровыя творы з чорнымі кропкамі. У трэцяй – віселі сухія цыбукі, ствалы аграмадных парасонавых расьлінаў. Да фактуры й вагі дадаўся гук, зь якім расьліны грукаліся адна аб адную. Гэта быў першы твор у праекце "In-formation", дзе мастак зьвяртаўся да невізуальных сродкаў узьдзеяньня.
Варта асобна спыніцца на творах Лявона Тарасевіча. Сёньня аб'ёмныя, складанай формы калёны-вэнтылятары мастацкага музэю, упрыгожаныя Тарасевічам пульсуючымі бела-ахрыста-чорнымі лініямі, надрукаваны ў шэрагу мастацкіх выданьняў па ўсім сьвеце. Віцебскія калёны Тарасевіча вызначылі, як бачна сёньня, новы пэрыяд у творчасьці мастака: ад экспрэсіяністычнай па сутнасьці карціны-краявіду аўтар пераходзіць да стварэньня твораў, дзе зьменены ўласна прадмет мастацтва (прыгадаем ягоную выставу з пакоем, што быў заліты фарбаю, назіраць за яе высыханьнем глядач мог толькі праз вакно).
Папярэдні творчы пэрыяд Тарасевіча яшчэ моцна адчувальны ў «калёнах»: ён выдаецца ў манэры накладаньня фарбаў, характары «прыроднага» злучэньня колераў. Аднак тут мастак стаўляе сабе ўжо прасторавую задачу ды знаходзіць і яе вырашэньне, папярэдне зьнішчыўшы ўтылітарнасьць прадмету (калёнаў). Для куратараў праекту была прынцыпова важнай дыскусія «аб'ект ці жывапісны твор?», якая ўзьнікла паміж Тарасевічам і Кашкурэвічам. Катэгарычнае тарасевічаўскае «калі на сьцяне, дык гэта ўжо ня жывапіс?!» неймаверна іх засмуціла. «Я ж табе казаў, што ён жывапісец…» - чулася тады ад прысутных у бок Тарасевіча.
Другі істотны момант - гэты твор мастака доўгі час трымаў у стане эстэтычнага шоку і прадстаўнікоў сацыяльных інстытутаў, і шырокія мастацкія колы, а маскоўскі мастацтвазнавец Віталь Пацюкоў быў тады шчыра перакананы, што дачакаўся Новага Мастацкага Віцебску, які можна раўняць да таго сусьветна вядомага з 20-х, авангарднага места…
Для "In-formation-2" былі надрукаваныя газэта-праспэкт і каталёг (9 буклетаў, пакладзеныя ў самаробную папку/ тэчку). Праект 1995 году завершыў круглы стол, на якім бліскуча выступіў Віталь Пацюкоў. Да гэтага часу не магу зразумець, чаму куратары не надрукавалі гэты тэкст Пацюкова асобна ці не зьмясьцілі артыкулам у каталёгу./ ня выкарысталі гэты тэкст Пацюкова
1996
1996 год быў адметны для «Information-3» дзьвюма падзеямі. Па-першае, з гэтага году наладзілася супрацоўніцтва з польскімі мастакамі. Па-другое… у гэтым годзе мясцовыя ўлады прапанавалі для выставаў «Information» не адрамантаваны стары будынак, дзе напрыканцы мінулага стагодзьдзя месьціліся Саляныя склады (пазьней гэтую назву “Саляныя Склады” пераймае галерэя). Такім чынам мастакі атрымалі ў карыстаньне будынак выключнай каштоўнасьці, аналягау якому няма і ,думаецца, яшчэ доуга ня будзе у Беларусі.На думку вядомаяй расейскай мастацтвазнаўцы Аляксандры Шацкіх, якая была зачаравана эстэтыкай гэтага будынку, галерэю Саляныя Склады можна аднесьці да лепшых сусветных. Не абыйшлося тут без кур’ёзу. На адкрыцьці адзін мясцовы дасьледнік надхнёна сьцьвярджаў, што ў гэтым будынку прайшла апошняя выстава “Уновіса”. На самой справе, згаданая выстава была на Ганчарнай, 37, у “Белых Казармах” – сёньня гэта тэрыторыя заводу імя Кірава. На жаль, тое гістарычнае месца ніяк адпаведна не пазначана. Пра гэту памылку можна было б і не памінаць, каб яна не была надрукавана ў шэрагу беларускіх і ўжо ў двух замежных выданьнях.
“In-formation-3” прайшла ў чэрвені 1996 году на трох пляцоўках. Беларускія мастакі выстаўляліся на Саляных Складах (куратары: В.Васільеў, М. Прусакоў, А.Ладзісаў), польская групоўка на чале з Эўляліяй Даманоўскай працавала ў музэі Марка Шагала, астатнія творцы з абедзьвюх краінаў разьмесьціліся ў мастацкім музэі і ачольваліся, адпаведна, Анастасем Візьнеўскім ды Андрэем Вярэнічам. Пачалася “In-formation-3” з пэрформансу Людмілы Русавай “8/1” і яе праекту “Пастскрыптум. Муміфакаваны ліст”. Зь беларускіх праектаў варта адзначыць працу Галіны Васільевай. Яе “R-2”, ці “Шатляндзкі праект”, створаны на мяжы жывапісу й канцэптуальнага мастацтва. Аснову твору склалі ўражаньні ад вандровак.
Васіль Васільеў зрабіў інсталяцыю “Я – чалавек разумны” (фрагмэнт праекту “Шляхі крыві”) з каляровых адбіткаў, дзе ўласнае цела мастак выкарыстаў як інструмэнт і дакумэнт.
Экспанавалася i лепшая за ўсю гiсторыю "Information" iнсталяцыя Алега Ладзiсава "Сьнег над Эдэмам" (шыхты сухiх каласоў i кавалкi ваты з вытрымкамi з "Кнiгi Кнiгаў"). Варты адзнакi твор Iгара Кашкурэвiча - лiст "права на экзыстэнцыянальную бязьдзейнасьць напрыканцы тысячагодзьдзя". Мастак не прысутнiчаў на выставе, а лiст перадаў зь сябрамi.
Фрагмэнт выставы ў мастацкiм музэi запоўнiўся фэерычнай вольнасьцю ў працы з паперай, прадэманстраванай Анастазiем Вiсьнеўскiм. Яшчэ белымi арт-кнiгамi Нiны Дунiн. Яшчэ акцыяй Андрэя Вярэнiча, якi з тэкстаў Нiны Дунiн пра творчасьць Анастазiя зрабiў адкрыты Вiсьнеўскiм "tapeart". Тэксты (як хвiлiнны сюжэт ў вiдэа-арце паўтараецца пры жаданьнi да бясконцасьцi) чыталiся зноў i зноў, пакуль гэта не стамiла самiх арганiзатараў акцыi.
Большасьць польскiх твораў экспазыцыi ў шагалаўскiм музэi склалi творы перасланыя мастакамi. Тут варта вылучыць праекты Тадэвуша Мыслоўскага(Нью-Ёрк) i Катажыны Чэрпак (Бостан). А яшчэ хочацца адзначыць твор Эўлялii Даманоўскай, якая праявiла сябе ня толькi рэфлексуючым крытыкам ды аналiтыкам, арганiзатарам выставаў, але й аўтарам. У кампазыцыi з геамэтрычнай канструкцыi, якую ўтварылi на сьцяне лiтары, i ў хаатычнай дарожцы на падлозе можна было заўважыць моцныя ўплыў Анастазiя Вiсьнеўскага. Але гэтая складзеная без усякага сэнсу iнсталяцыя зь лiтараў падалася мне дасьцiпнай i плястычнай.
Па вынiках выставы зьявiўсячорна-белы буклет (дызайн Васiля Васiльева i Улада Перапечына).
1997
1997 год выкiнуў лёзунг "Мастацтва павiнна небясьпечным!" Назва iнсталяцыi Леа Сьцяпанава. На падлозе - невялiчкi дамок з солi, на сьцяне - правады з расьцягнутай сьпiральлю, праз якую быў прапушчаны электрычны ток, па-над усiм гэтым - бурдзючкi з вадою. Iнсталяцыю суправаджаў тэкст, узьнёслы й трагiчны: "И наступит торник - восьмой, не известный никому день неделi. И будет небо ваше из извести, дома ваши из соли, над небом будет гореть электрическая дуга, а ангелы будут пахнуть больницей. Вы вспомните, как всё это начиналось, но голоса ваши будут обложены стеклян*ой ватой. Исчезнут глупые границы между странами и городами, между мужчинами и женщинами, но никогда между животными и вами. И вы вспомните, как хотели стать деревьями и травой, и что на этой планете у вас ничего не получилось".
Чацьвертая "Information" экспанавалася толькi ў галерэi "Саляныя Склады". Яна пачалася з раздачы 100 жавальных гумак, якiя былi адмыслова перасланыя зь Менску Аляксеем Велiкжанiным. Гумкi - рэалiзаваны калямбур: "Information" не сапраўднае мастацтва, як i гумкi ня ёсьць ежа".
Вiтальд Ляўчэня (у гэтым годзе ён быў аўтарам афiшы) даслаў зь Менску свой кампутарны праект "Parallel silence"(Паралельнае маучанне), які па-мастацкуабазначыу яго адсутнасьць у Віцебску.
Генадзь Фалей прадставiў праект "13" - трансфармацыю тканай структуры Т-падобнай формы: ад маленькага да вялiкага памеру.
Сьвятлане Басковай з Масквы належыў праект "Зьесьцi зямлю-2" –артыстычна рэалізаванае прызнаньне ў каханьнi некаму невядомаму.
Аляксандар Малей праэкспанаваў "чорна-белы" прект "Трансфармацыя прасторы", на трох квадратных пляншэтах увасобiўшы тры iпастасi кубiстычнай прасторы. Першы - 9 кубiкаў, другi - 18 трохграневых прызмаў, трэцi - 9 трохграневых прызмаў. У пляне гэтыя структуры ўтваралi квадраты.
Васiль Васiльеў на iнтэрпрэтацыях усходняга мастацтва падрыхтаваў праект "Жоўтая рака". Рознакаляровая зямля рытмiчна раскладзена ў дзьве даўгiя, падвешаныя на лесцы паўтрубы. Сэнс - любаваньне (замiлаваньне) прыродай.
Галiна Васiльева праэкспанавала "Сьцяну-XI" - агромнiсты, ад падлогi да столi спэктар, накшталт каляровай тэлевiзiйнай застаўкi- расьцяжкi. Аднак колеры спалучалiся ў ёй па-iншаму, з разьлiкам на эфэкты.
Менскi мастак Вавэн Юрчанка зрабiў свой праект "з таго, чым апошнi час зарабляю на жыцьцё" - вакно ў сьцяне. Працэс засьняў на фотастужку. Факт абсалютнай улады мастацтва над рэальнасьцю.
Па вынiках выставы надрукаваны буклет. Дызайн - Васiля Васiльева й Улада Перапечына.
1998
Гэты год быў юбiлеем Казiмера Малевiча i праекту "Information". Сьвет адзначыў 120-годзьдзе з дня нараджэньня мастака, а Вiцебск - улучна з гэтай падзеяй i 5-годзьдзе нефармальнага праекту Новага Мастацтва. У "Information -5" удзельнiчала самая вялiкая колькасьць мастакоў. Васiль Васiльеў курыраваў праект на Саляныў Складах. Эўлялiя Даманоўская - польскi праект у мастацкiм музэi, Леа Сьцяпанаў - у шагалаўскiм музэi. Пятая "Information" сталася цi не найбольш яркай з усіх.
Юбiлейная выстава пачалася зь мiнi-канфэрэнцыi "на чатыры пэрсоны". Гэта была першая сур'ёзная спроба арганiзатараў зьвярнуць на сябе ўвагу як на зьяву культуры, а не нiзку шараговых выставаў.
Выстава, дакладней яе першы фрагмэнт, адкрылася апоўднi на Саляных Складах кампутарнай музыкай Глеба Шутава. Першы паверх тут адвялi менчукам, на другiм - экспанавалiся месьцiчы (вiцябляне) ды швайцарская мастачка Сузана Баўман. Цiкавымi былi аб'екты Баўман i Васiльева. Твор апошняга - "Толькi форма" - вялiкае кола з празрыстай плёнкай, куды доўга капала вада з даху. Аб'ект з часам набыў форму чашы. Падвешаны на тонкiх лёсках да столi, ён лунаў ўпрасторы нiбыта касьмiчны карабель!
Сузана Баўман зрабiла "контр-рэльеф" з тэлефоннага дроту ў выглядз зьнiтаваных памiж сабою вялiкага й малога шматкутнiкаў.
Зь вiцебскiх твораў варта адзначыць "Вiцебскi мэрыдыян" Галiны Васiльевай ды "Архiтэктуру сьвятла" Вiктара Мiкалаева.
Увогуле ж "Information-5" нагадвала танкавую атаку: колькасьць удзельнiкаў, канфэрэнцыя, тэксты, "круглы стол", уласная галерэя... Яшчэ хвiлiна - i рудымэнтарная (мастацкая) вiцебская прастора будзе заваявана!
Менчукам адвялi першы паверх, але яны прывезьлi ня творы, а хутчэй дрэнныя адносiны да куратараў.. Тое нешматлiкае, што было зроблена падводзiла да наступных высноваў: мастакоў з другога паверху цiкавiлi формаўтвараючыя моманты, на першым - iнфармацыйныя аспэкты мастацтва. Але прастора залi пуставала. Становiшча выправiў Артур Клiнаў: без абавязковага для праекту куратарскага запрашэньня прывёз уласныя творы. Канфлiкт, бясспрэчна, рухавiк прагрэсу, бо наўрад цi гэты мастак прайшоў бы куратарскую "мытню". Васiль Васiльеў прагне праблемаў ўнiвэрсальных. У сваiм праекце ён пазьбягае мастацтва з сацыяльным, палiтычным дыскурсам. Клiнаўскi "нэкрарамантызм" падпаў пад гэты артыкул. Але на той момант вёдры-"рэдзi-мэйды" Артура Клiнава ўратавалi экспазыцыю, а праект набыў новыя рысы.
Польскiм мастакам адвялi месца ў мастацкiм музэi. Эўлялiя Даманоўская прывезла праект "Пяцёра з Акадэмii", да якога (неверагодная рэч у нашых варунках!) быў надрукаваны каляровы каталёг з тэкстамi на дзьвюх мовах. Польскiя "акадэмiкi" выглядалi адпаведна:(,) высокапрафэсiйна й годна. Экспазыцыi Паўла Новака, Веслава Лучая, Анджэя Рысiньскага выглядалi так, быццам зьявiлiся са сховiшчаў вельмi прыстойнага музэю сучаснага мастацтва. "Жывым" выключэньнем аказаўся Рышарт Лугоўскi. Ягоная iнсталяцыя "К.М." - зь нiзкi "пэрсанальных" праектаў мастака, прысьвечаных адной пэрсоне. Муза - жанчына зь iнiцыяламi "К.М." - абрана мастаком ня столькi за жаночыя вартасьцi, а за першыя лiтары iмя i прозьвiшча, сходныя зь iнiцыяламi Казiмера Малевiча, што ў юбiлейны той год выглядала вясёлым калямбурам. Мастак разважаў пра гэтую жанчыну вольна i шчыра , узьнёсла i паважна, эратычна i з гумарам... Сярод скарыстаных iм у iнсталяцыi прыладаў, прадметаў быў i "рэдзi-мэйд" вытворчасьцi беларускай фiрмы "Мiлавiца" - 12 жаночых кабацiкаў. Яны, утвараючы квадрат, былi цьвiкамi набiтыя да супрацьлеглай ад уваходу сьцяны. Белыя, карунковыя, з насыпанымi ў iх чырвонымi кубiкамi для гульнi - выглядалi ўрачыста i надзiва пачуцьцёва. На наступны дзень польскую экспазыцыю ў мастацкiм музэi зачынiлi нiбыта праз недахоп даглядальнiкаў . А яшчэ празь дзень пасьля ад'езду мастакоў, выстава абмяркоўвалася на музэйнай навукова-мэтадычнай радзе. З-за таго што iнсталяцыя Лугоўскага не адпавядала акадэмiчнаму накiрунку музэю яе было вырашана дэмантаваць.
Яшчэ адным адным раздражняльнiкам зьявiлася праца Анджэя Ўрбаньскага, зь якога пачыналася экспазыцыя. У пустым пакоi насупраць уваходу, расьцягнуты на лёсках, лунаў набраны на празрыстай кальцы тэкст: "Адсутнасьць выявы - гэта выява адсутнасьцi". У мяне пыталiся: "Не, ты растлумач, гэта мастацтва?.." Тлумачу: гэта - мастацтва.
Але галоўныя спрэчкi разгарнулiся не вакол жаночых кабацiкаў, а вакол трэцяга фрагмэнту "Information", што адчынiўся пазьней за астатнiя ў музэi Шагала, пад куратарствам Леа Сьцяпанава. Адзiн з маскоўскiх удзельнiкаў быў замоўлены пад пыхлiвым мастацкiм iмя "Iмпэратар Вава", а запрашэньнi дасылалiся праз афiцыйную культурную ўстанову... Яе кiраўнiку хапiла гумару падпiсацца пад тэкстам: "Шаноўны iмпэратар Вава! Запрашаю Вас...".
Францускi сляйд Бiргiт Кацур (аўтарка была знойдзена Леа праз Iнтэрнэт), прадстаўляў геамэтрыю жаночага цела, бодзi-геамэтрыю. Эпатуючымi былi асобныя моманты ў вiдэапраектарах: пульсуючыя вагiны, дзяўчынка, якая адпраўляе малую патрэбу... на танк.
Абурэньне выклiкала ўлётка мастака Алега Маўрамайцi (Мавроматтi) зь ненарматыўнай лексыкай i заклiкамi да брутальнага змаганьня з... Сусьветнай Буржуазiяй.
У самой задуме, прыродзе iнсталяцыi закладзены элемэнт правакацыi. Першай iнсталяцыяй у гiсторыi мастацтва я лiчу знакамiтую выставу Казiмера Малевiча з "Чорным квадратам", якi ў экспазыцыi знаходзiўся на тым месцы, дзе вернiкi ў пакоi вешаюць абраз. Гэта было адразу счытана i выклiкала адпаведны эпiтэт - "новы абраз". Цi не правакацыя!?
Правакацыйны момант моцна падкрэсьлены ў iнсталяцыi Леа Сьцяпанава, дзе праз жалезны ложак як быццам прапушчаны электрычны ток, у аб'екце iмпэратара Вавы з акрываўленай кашуляй на дзьвярах, празь якiя не магчыма было прайсьцi не дакрануўшыся...
Дзiўна, але лёс гэтай экспазыцыi аказаўся шчасьлiвейшы, чым ў iнсталяцыi Лугоўскага. Выстава пратрымалася ўвесь дамоўлены тэрмiн, хоця й са стратамi (з купюрамi). Канфлiктную вiдэастужку паказвалi толькi па просьбах наведвальнiкаў.
Цiкава выглядала рэакцыя мясцовай прэсы. За зьнiшчэньне твору Лугоўскага пакрыўдзiлiся i абурылiся. Стаўленьне да выставы ў шагалаўскiм музэi нагадвала недаўменьне выхаванага чалавека, якога запрасiлi ў няўдалыя госьцi: прыйшоў, а гаспадары сварацца... Прэса асьцерагалася залiшнiм абурэньнем пашкодзiць праекту. Скандалу не атрымалася.
Куратар меўся надрукаваць каталёг, але, верагодна, надта зацягнуў справу - грошай ня далi.
1999
Гэты год склаўся для праекту "Information" надзвычай драматычна. Памёр мастак Вавэн Юрчанка...Яго ўспрымалi за лiддэра: талент, выкшталцоная прафэсiйнасьць, талерантнасьць...Ягоныя працы былi сур.ёзнымi й глыбокiмi. На "Белым фэстывалi" ляўрэатам Вавэна зрабiў пясчаны квадрат, на якi падаюць кроплi дажджу - дзiвосна прыгожы, лёгкi твор, тэхнiчна зроблены так тонка, што не магчыма спасьцiгнуць i знаўцам ...
За месяц да пачатку праекту без усялякiх папярэджаьняў i тлумачэньняў гарадзкiя ўлады адмовiлi ў карыстаньнi Салянымi Складамі.
Памяшканьне для выставы, ды i тое на тыдзень, празь сяброўскiя стасункi прадставiла дiцячая мастацкая школа. На афiшы Васiльеў зьмясьцiў выяву нотрдамскай пачвары - ад гэткiх падзеяў i не такое ўбачыцца!
Складаныя адносiны зь менскiмi мастакамi працягвалiся i са сталiцы пагадзiўся прыехаць толькi Артур Клiнаў. Ён прывёз актуальны па тэме рэмэйк-вядро "Падымаючы сьцяг", паводле знакамiтага твору Коржава. Зь вялiкай цяжкасьцю пагадзiлася ўдзельнiчаць Сузана Баўман, быўшы на той час у Вiцебску. Яна зрабiла невялiчкую iнсталяцыю-прысьвячэньне слыннаму вiцебскаму андэграўднаму мастаку Аляксандру Салаўёву. Твор Сержука Бабуры (шаўкаграфiя на кальцы) пераклiкаўся зь леташняй францускй бодзi-геамэтрыяй. Новы вiцебскi аўтар Лявон Тарабука экспанаваў тактыльную скульптуру. Мастакi Руслан Лядэнка й Вiктар Мiкалаеў зрабiлi першы вiцебскi вiдэа-арт. Галiна Васiльева экспанавала праект "Памяцi Вавэна": папяловы крыж на палатне i пэформанс падчас адкрыцьця (мастачка забiнтавала будаўнiчую апору)
Васiль Васiльеў на адкрыцьцi ладзiў пэформанс "Чырвонае вiно". Вiно тыдзень прастаяла ў чашы, залiтай воскам. Пасьля закрыцьця выставы яго смакавалi сяброўскiм колам.
2000
У 2000 годзе "Information" прайшла ў выствачнай залi Саюзу мастакоў. Саляныя Склады гарадзкi аддзел культуры прынцыпова выкарыстоўваў па гiстарычнаму прызначэньню.
У выставе, апрача беларускiх мастакоў, бралi ўдзел два мастакi з Масквы. Сёмая "Information" памаладзела: узроставая розьнiца памiж аўтарамi дасягнула 20-цi год. Упершыню тут паказалi свае творы мастакi, якiя толькi-толькi атрымалi дыплёмы. Удзел пачаткоўцаў зрабiў выставу дынамiчнай, "жывой" i нават нечаканай.
Дынамiку ёй надалi, хутчэй за ўсё, пэрформансы - у такой колькасьцi яны яшчэ нiколi не былi прадстаўлены на "Information". Збудаваны на асабiстым канглямэраце пэрформанс Георгiя Пярвова, пэйзажны пэрформанс Галiны Васiльевай, пэрформанс- рэмэйк Аляксея Iванова...
Найбольшы рэзананс выклiкала праца Алены Кавылiнай з Масквы. Апранутая ў чырвоную кашулю, зь пятлёй на шыi, мастачка ў напружанай позе стаяла на чырвоным зэдлiку. У руках трымала малюнак: чаравiк выбiвае зэдлiк. Пэрформанс называўся "Зрабi сам". Правкацыйны момант быў тут настолькi моцны, што адзiн з удзельнiкаў выставы выбiў-такi зэдлiк з-пад ног мастачкi... Усё скончылася задавальненьнем "ахвяры" i яе "ката", а яшчэ працяглымi дыскусiямi. Варта дадаць, што палову вэрнiсажнага дня маскоўская мастачка шукала па вiцебскiх крамах звычайную вяроўку, якой не знайшла й набыла жаночую панчоху. Можа наша сёньняшняя галеча пазбавiла нас ад трагедыi.
З iнсталяцый варта адзначыць творы Арцёма Рыбчынскага, Генадзя Фалея, Сержука Ждановiча. Акрэсьлiўся выразны зварот мастакоў да сродкаў невiзуальнага ўзьдзеяньня. Магчымасьць пачуць гук, дакрануцца, адчуць шарахаватасьць, цяпло альбо холад спрацоўвае на "нiзавых", глыбiнных узроўнях, патрабуе больш актыўнага ўключэньня гледача ў экспазыцыйны працэс.
Куратар экспанаваў "Плястычны стандарт *3", якi нельга анiяк скарыстаць практычна. Гэта “мадэль мары” (вызначэньне аўтара).
Дзякуючы грашовай падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску быў надрукаваны каталёг. Дызайн - Марыны Сьвечнікавай, маладой таленавітай мастачкі, якая ўпершыню ўдзельнічала ў «Information».
Апошняе, што хацелася б закрануць, - гэта лёс праекту. Сумна, але за сем год ніводны з экспанаваных твораў ня быў набыты віцебскімі, тым больш сталічнымі музэямі. Няма й дасьледчых артыкулаў пра «In-formation» , бракуе рэклямы, інфармаыі у СМІ. Фотаархіў (дакладней, праяўленыя, але не раздрукаваныя стужкі) захоўваецца ў куратара. Інфармаванасьць – адзін з галоўных прынцыпаў праекту – ня дзейнічае. Мне гэта падаецца ці не злачынным. Яшчэ перашкодай стаецца імклівае разьвіцьцё праекту. Таму менавіта ўзьнікаючыя пры яго ўзьлётах і спадах мастацтвазнаўчыя, гістарычныя, філязофскія пытаньні нават не пасьпелі акрэсьліцца.
Васіль Васільеў марыць, каб дзяржава вярнула Саляныя Склады, узяла на сябе поўнае фінансаваньне… У сёньняшніх культурніцкіх варунках гэта выглядае спадзяваньнем на цуд. Перавод праекту на «дзяржаўныя» колы запатрабуе зьмяненьня існуючых структураў ды… самой «Information». Верагодна, што давялося б увесьці сыстэму зьменнага куратарства. Адпаведна й пазыцыя самога Васільева павінна зьмяніцца.
Віцебскі выставачны праект “In-formation ” – першая ў Беларусі спроба нармалёвай мастацкай рэалізацыі: без дурацкіх межаў, падзелу на “захад” і “ўсход”, безь ідэалягічных супонаў, ён адчыняе вокны й дзьверы ў гэты маленькі, з застаялым паветрам пакой пад назваю Віцебск.
|
|
|
|

[
камэнтары ]
| |
|